Украіне бясплатна перададуць беспілотнік «Байрактар», грошы на якія сабралі жыхары Польшчы


Турэцкая кампанія «Baykar Makina» бясплатна перадасць Украіне беспілотны лятальны апарат «Bayraktar TB2», на набыццё якога жыхары Польшчы збіралі грошы з дапамогаю краўдфандынгу. Пра гэта гаворыцца ў заяве кампаніі ў Twitter.

«Байрактар».
Фота: Newspix.pl

«Бізнесоўцы і звычайныя людзі ўнеслі сродкі – малыя і вялікія – для дасягнення гэтай мэты цягам некалькіх дзён. Кампанія «Baykar» не будзе прымаць аплаты за TB2 і бясплатна адправіць тры БПЛА на ўкраінскі фронт», – гаворыцца ў паведамленні кампаніі.

Цяпер 22,5 млн злотых (5 млн долараў), сабраныя на пакупку «Байрактара», будуць накіраваныя на дапамогу ўкраінскім уцекачам, якія пакінулі краіну пасля пачатку вайны 24 лютага.

«У мяне ёсць такое паведамленне для ўсіх, хто дапамагае мне наўпрост, і для грамадскіх дзеячаў, якія нас падтрымалі, і найперш для 215 600 палякаў і палячак (і амаль 1000 беларусаў і беларусак): вы будзеце браць удзел у абароне Украіны ад Расеі, а таксама ў гуманітарнай дапамозе грамадству», – паведаміў ініцыятар грамадзянскай кампаніі ў Польшчы Славомір Серакоўскі.

Раней, у канцы траўня, літоўскі тэлеканал «Laisves TV» таксама запусціў збор сродкаў на «Байрактар» для Украіны. Тады тэлеканалу ўдалося сабраць 5,9 млн еўраў. Аднак і тады кампанія, якая вырабляе беспілотнікі, дамовілася з літоўцамі, што сабраныя грошы накіруюць на гуманітарную дапамогу Украіне, а «Байрактар» перададуць бясплатна.

Першым збор на тры турэцкія ўдарныя беспілотнікі такога тыпу запусціў украінскі вядоўца і валанцёр Сяргей Прытула. Пазней ён паведаміў, што памер ахвяраванняў дасягнуў 600 млн грыўняў, і гэта дазваляе купіць ужо 4 беспілотнікі.

Hавiны
Палякі і беларусы Польшчы сабралі 21,5 млн злотых на «Байрактар». Засталося 5 дзён і яшчэ мільён
2022.07.23 21:47

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў