Валерый Сахашчык адсправаздачыўся аб працы Дэпартаменту нацбяспекі


Кіраўнік Дэпартаменту нацыянальнай бяспекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінету Валерый Сахашчык даў справаздачу пра работу ведамства. Таксама адказаў на пытанні ад беларусаў.

Валерый Сахашчык распавёў пра асноўныя вынікі працы.

  • Практычна з нуля была створаная працоўная структура Дэпартаменту нацыянальнай бяспекі. У каманду прыцягнулі шэраг адмыслоўцаў з Узброеных сілаў Беларусі, а таксама прафесіяналаў у сферы сучасных тэхналогіяў.
  • Наладзілі супрацу з кіраўніцтвам ЗСУ, вынікам чаго сталася стварэнне новай беларускай воінскай часці, якая павінна знізіць баявыя страты за кошт сучаснага абсталявання.
  • На тэрыторыі Польшчы запусцілі праект «Паспалітае рушэнне» – вайскова-патрыятычны рух беларусаў. Яно павінна спрыяць аб’яднанню і згуртаванню беларускіх дыяспараў, адраджэнню нацыянальнага духу, вывучэнню гісторыі ды адраджэнню нацыянальнай культуры і звычаяў.
  • У супрацы з прадстаўніком у транзіце ўлады вядзецца праца над праектам люстрацыі, якая дазваляе выразна аддзяліць прыстойных супрацоўнікаў у сілавых структурах і органах дзяржаўнага кіравання ад людзей, якія здзейснілі і працягваюць здзяйсняць злачынствы супраць свайго народу.
  • Падрыхтаваны санкцыйныя прапановы, скіраваныя супраць супрацы вайскова-прамысловых комплексаў Расеі і Беларусі для ажыццяўлення агрэсіі супраць Украіны.

Апошнім, але прыярытэтным пунктам Сахашчык назваў супрацу з еўрапейскімі структурамі для выпрацоўвання варыянтаў дасягнення мэтаў строга ў межах міжнароднага права:

«Калі мы марым пра свабодную дэмакратычную Беларусь, мы не можам дазволіць сабе ні на якім этапе парушаць законы. Мы ўпэўненыя, што такія сцэнары існуюць, і яны рэальныя. Ніхто ў цывілізаваным свеце не зацікаўлены ў грамадзянскай вайне і кровапраліцці ў цэнтры Еўропы. Патугі беларускай прапаганды складаць казкі пра планы еўрапейскіх дзяржаваў напасці на Беларусь або спансараваць дзяржаўны пераварот не могуць выклікаць нічога, акрамя смеху, для любога адэкватнага чалавека, які бываў у Еўропе ці цікавіцца рэальным дзяржаўным ладам рэгіёну».

Валерый Сахашчык таксама распавёў, што цяпер праца дэпартаменту практычна на 100 % фінансуецца за кошт падтрымання беларусаў, пытанне фінансавання – галоўны стрымвальны фактар на шляху далейшага развіцця.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў