Афрыка патрэбна Расеі для абыходу санкцый і ўзбагачэння


27-28 ліпеня ў расейскім Санкт-Пецярбургу пройдзе саміт і форум «Расея – Афрыка», у якім першапачаткова пацвердзілі ўдзел 50 краін. Якія інтарэсы шукае Расея ў Афрыцы і якіх мэтаў жадае дасягнуць? Пагутарылі з экспертамі.  

Фота мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін на Міжнароднай парламенцкай канферэнцыі «Расея – Афрыка ў шматпалярным свеце». 20 сакавіка 2023 года, Масква.
Фота: kremlin.ru

Альтэрнатыўныя альянсы

Афрыканіст, прафесар Універсітэта Сітан-Гол, Нью-Джэрсі Максім Матусевіч лічыць, што ў Расеі цэлы шэраг мэтаў у Афрыцы. У першую чаргу, там яна спрабуе знайсці сабе новых сяброў. Прычына ў тым, лічыць эксперт, што Расея апынулася ў цяжкай ізаляцыі ад заходняга свету, і цягам апошніх некалькіх гадоў, яшчэ нават да пачатку вайны, актыўна шукае сабе альтэрнатыўныя дыпламатычныя альянсы.

Гэта, на думку прафесара Матусевіча, дае свой плён: калі ў ААН галасавалі супраць уварвання ва Украіну, то практычна палова афрыканскіх дзяржаваў, а гэта вельмі магутны блок у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, адмовіліся прагаласаваць за рэзалюцыю, якая асуджае Расею, яны аддалі перавагу таму, каб адседзецца ў баку.

«У гэтым, мне здаецца, маецца палітычны і дыпламатычны дывідэнд ад таго, што Расея ўкладвала ў апошнія гады ў стасункі з Афрыкай, у гэтым плане ўсё акупілася», – мяркуе Максім Матусевіч.

Ёсць у Расеі і больш канкрэтныя інтарэсы, адзначае эксперт: Афрыка зʼяўляецца крыніцай даходаў для пэўнай суполкі алігархаў, набліжаных да Пуціна: напрыклад, для такіх, як Яўген Прыгожын або Канстанцін Малафееў – людзей нацыяналістычнага, вельмі правага толку.

Акрамя таго, існуюць яшчэ і інтарэсы бізнэсу, падкрэслівае Матусевіч, «таму што, напрыклад, ПВК Вагнера, якой кіруе Прыгожын, прысутнічае ў тых краінах, у якіх, з аднаго боку, ідзе альбо грамадзянская вайна, альбо вельмі складаная ўнутрыпалітычная сітуацыя, а з іншага боку, маюцца карысныя выкапні». Так, адзначае Максім Матусевіч, у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы гэта золата і брыльянты, у Судане і Малі – золата, у Лівіі – газ і нафта.

«У кантэксце заходніх санкцый, якія ўсё ж узмацняюцца пасля ўварвання ва Украіну, мабыць, рэжыму патрэбныя альтэрнатыўныя крыніцы не толькі дыпламатычнай падтрымкі, але і прыбыткаў. Афрыка, мяркуючы па ўсім, зʼяўляецца такім месцам, адкуль ідуць гэтыя даходы», – адзначыў наш суразмоўца.

Эканамічныя інтарэсы

З меркаваннем аб тым, што ў Расеі ў першую чаргу эканамічныя інтарэсы ў Афрыцы, згодны і палітолаг Дзмітрый Брыджэ: «Нават нягледзячы на тое, што Расея абвяшчае, што будзе пастаўляць бясплатна збожжа для афрыканскіх краін, усё роўна яна будзе атрымліваць ад гэтага нейкія пэўныя эканамічныя дывідэнды, таму што нельга забывацца, што супраць Расеі, супраць дзейнага палітычнага рэжыму былі ўведзеныя санкцыі».

На думку Дзмітрыя Брыджэ, Расея ў Афрыцы кіруецца сваёй пэўнай задачай: абысці накладзеныя санкцыі. Афрыканскія краіны даюць вялізныя магчымасці для іх абыходу і ўзбагачэння. Маючы адбыцца саміт будзе падставай, каб Расея змагла знайсці нейкі дыялог на гэты конт.

Акрамя таго, расейскі рэжым жадае скарыстацца сітуацыяй, якая склалася ў афрыканскіх краінах, адзначае Брыджэ. Звязана гэта з тым, што роля Францыі на тэрыторыі Афрыкі стала слабейшая, многія афрыканскія краіны не жадаюць мець з ёй стасункаў. Таму Пуцін скарыстаўся дадзенай сітуацыяй, каб вырашаць свае эканамічныя праблемы.

Рашэнне па збожжавай угодзе

Дзмітрый Брыджэ лічыць, што на саміце «Расея – Афрыка» будзе абавязкова падымацца пытанне па збожжавай угодзе: «Напрыклад, Егіпет пацярпеў ад таго, што Расея пажадала выйсці са збожжавай здзелкі. Таму Егіпет намагаецца знайсці нейкі варыянт рашэнняў разам з Расеяй, каб развязаць гэтую праблему».

На думку афрыканіста Максіма Матусевіча, у афрыканскіх краінах першапачатковая рэакцыя на заяву Расеі аб выхадзе са збожжавай здзелкі была даволі вострай, асабліва ў Кеніі. Менавіта гэтая краіна і Самалі былі атрымальнікамі так званага «чарнаморскага збожжа». Эксперт нагадаў, што міністр замежных справаў Кеніі нават заявіў, што гэта быў удар нажом у спіну.

Але потым, адзначае наш суразмоўца, у Кеніі адбыліся палітычныя беспарадкі, якія былі жорстка задушаныя паліцыяй. І калі на Захадзе выступілі з жорсткім асуджэннем разгонаў палітычных апанентаў, заклікалі ўлады краіны выконваць нормы права і спыніць забойствы людзей на вуліцах, то Расея заявіла пра тое, што не асуджае дзеянні кенійскіх уладаў, адзначыўшы, што гэта ўнутраная справа краіны. Такім чынам, лічыць эксперт, Расея падала Кеніі нейкі варыянт шматпалярнасці: з аднаго боку, Кенія страціла збожжа, а з іншага, Расея не асуджае яе за задушэнне палітычнай апазіцыі. Эксперт лічыць такую рыторыку цікавай і адзначае, што пасля будзе цікава паназіраць за тым, як яна будзе развівацца.

«І потым Расея ж не проста закрыла збожжавыя пастаўкі. Яны выставілі сябе ахвярай Захаду і Украіны і абвесцілі, што гатовыя прыняць на сябе гэты цяжар: маўляў, Украіна не будзе пастаўляць, а мы будзем, прычым па цэнах дэмпінгавых ці нават бясплатна будзем прадстаўляць гуманітарную дапамогу Афрыцы», – адзначае Максім Матусевіч.

Такая рыторыка, відавочна, накіраваная на тое, каб падкупіць афрыканскіх партнёраў, мяркуе наш суразмоўца.

На яго думку, усё гэта падаецца так, што Расея не супраць таго, каб карміць Афрыку. Расейскія лідары кажуць пра тое, што Расеі вельмі цяжка ад накладзеных на яе санкцый, «гэтак жа цяжка, як і Вам, нашы дарагія афрыканскія сябры… але мы бярэм гэты цяжар на сябе». Ці купяцца афрыканскія краіны на такую рыторыку, пакуль складана сказаць, адзначае эксперт.

Раман Шавель / Авер belsat.eu

Стужка навінаў