Больш не трэба плаціць штрафаў? У Беларусі змянілі законы пра «самавольнае» будаўніцтва


У Беларусі адразу некалькімі заканадаўчымі актамі абвясцілі «амністыю» за самавольна занятыя зямельныя надзелы і самавольна ўзведзеныя будынкі. Праўда, у гэтых навацыях ёсць нюансы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Аляксандр Лукашэнка 25 ліпеня падпісаў указ № 253 «Аб спрошчаным парадку прыёму ў эксплуатацыю аб’ектаў будаўніцтва». На наступны дзень дакумент быў апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

Як заяўляюць, указ прынялі дзеля «спрашчэння парадку прыёму ў эксплуатацыю аднакватэрных жылых дамоў і (або) нежылых капітальных пабудоваў пятага класу складанасці». Ён надае права мясцовым органам улады прымаць у эксплуатацыю аднакватэрныя жылыя дамы і нежылыя пабудовы, узведзеныя грамадзянамі без дазволаў і праектнай дакументацыі. Пры гэтым такія пабудовы не будуць прызнавацца самавольнымі. Выключэнне – дамы, узведзеныя ў Менску.

Дакумент набывае моц 1 верасня. Заявы пра прыём у эксплуатацыю самабудаў можна падаваць да 1 студзеня 2025 года. Узаконіць можна будзе самавольныя пабудовы, узведзеныя грамадзянамі на зямельных участках, атрыманых імі да 1 верасня 2022-га. То бок у грамадзянаў яшчэ ёсць больш як месяц, каб нешта самавольна пабудаваць.

Што такое самабуд?

На гэты момант на заканадаўчым узроўні прававыя наступствы самавольнага будаўніцтва даволі падрабязна рэгламентаваныя артыкулам 223 Грамадзянскага кодэксу. Паводле яго, самавольнае будаўніцтва – гэта дзейнасць для стварэння або змены нерухомай маёмасці шляхам будаўніцтва, рэканструкцыі (прыбудовы, надбудовы або перабудовы) капітальнага збудавання, будынку, збудавання, калі яна ажыццяўляецца:

  • без належнага афармлення дакументаў, праектнай дакументацыі ці атрымання неабходных дазволаў, а таксама пры парушэнні будаўнічых нормаў і правілаў;
  • на самавольна занятым зямельным участку або ўчастку, нададзеным з парушэннямі ці органам, які не мае паўнамоцтваў на гэта.

Паводле кодэксу, калі пабудова трапляе пад азначэнне «самавольнае будаўніцтва», яна належыць дзяржаве. Яе немагчыма прадаць, падарыць, здаць у арэнду або абсталяваць у ёй офіс.

Пакаранне за самавольнае будаўніцтва

Штрафы за самавольнае будаўніцтва прапісаныя ў артыкуле 22.8 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях. Паводле яго, за самавольнае будаўніцтва аб’ектаў пагражае пакаранне ад 5 да 30 базавых велічыняў (цяпер Br 160–960) для фізічнай асобы, ад 20 да 100 (Br 640–3200) – для індывідуальнага прадпрымальніка, ад 20 да 500 (Br 640–16000) – для юрыдычнай асобы.

Дарэчы, яшчэ не так даўно штрафы для фізічных асобаў былі істотна большымі. Артыкул 21.12 КаАП прадугледжваў пакаранне за самабуд памерам ад 20 да 50 базавых велічыняў. Але з 2021 года гэтую суму зменшылі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Пры гэтым выплата штрафу не вызваляе ад абавязку знесці або ўзаконіць самавольна ўзведзены будынак. Апошняе магчыма, калі захаванне пабудовы не прыводзіць да істотных парушэнняў горадабудаўнічых і будаўнічых нормаў і правілаў, а сам аб’ект адпавядае Закону аб зямлі, нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі ды іншым прававым актам. Пастанаўляе знесці або ўзаконіць аб’ект адпаведная камісія пры мясцовым выканкаме.

Знос самавольнай пабудовы і прывядзенне зямельнага надзелу ў прыдатны для выкарыстання паводле мэтавага прызначэння стан або прывядзенне самавольнай пабудовы ў ранейшы стан мусіць выконваць асоба, што ажыццявіла самавольнае будаўніцтва, або законны набытчык, або гэта робіцца за іхны кошт.

Не толькі ўказ

Важна адзначыць, што ўказ Лукашэнкі ад 25 ліпеня не адзіная заканадаўчая навацыя ў пытанні самавольнага будаўніцтва. Гэтак, за тыдзень да яго падпісалі закон, якім уносяцца змены ў Кодэкс аб зямлі і згаданы вышэй артыкул 223 Грамадзянскага кодэксу. Сярод іншага там прадугледжаная «зямельная» і «будаўнічая» амністыі ў дачыненні самавольна занятых участкаў і самавольна пабудаваных аб’ектаў.

Як паведамляе «Экономическая газета», у аснову закону леглі матэрыялы міжведамаснай працоўнай групы, створанай яшчэ ў 2016 годзе. Перад ёю была пастаўленая задача забяспечыць рыхтаванне нарматыўнага прававога акту аб узмацненні адказнасці за самавольнае будаўніцтва.

Прычына – у тым ліку ў тым, што некаторыя забудоўнікі наўмысна пачынаюць самавольнае будаўніцтва, бо легалізаваць самабуд часам танней і прасцей, чымся атрымаць усе неабходныя дазволы. Пры гэтым усё ж заяўляюць, што будаўніцтва на самавольна занятых участках, на зямельных участках, якія выкарыстоўваюцца не паводле мэтавага прызначэння або нададзеныя з парушэннем заканадаўства, не мае масавага характару.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Абноўлены Кодэкс аб зямлі пачынае дзеяць 1 студзеня 2023 года, Грамадзянскі кодэкс – ужо 1 верасня 2022-га.

Чаму змены, прапісаныя ва ўказе № 253, не былі згаданыя ў змененых кодэксах і ў выніку давялося прымаць адмысловы асобны дакумент, не тлумачыцца.

Як будзе працаваць указ

Карэспандэнты «Белсату» паспрабавалі атрымаць каментары адносна новаўвядзенняў у беларускіх экспертаў сферы нерухомасці. Але няўдала: незалежныя спецыялісты ў гэтым пытанні пакуль не разбіраліся, у тым ліку і таму, што яшчэ не паступала афіцыйных тлумачэнняў, як будзе працаваць згаданы ўказ.

Не атрымлівалі адпаведнай інфармацыі і ў Менскім гарадскім агенцтве дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнага кадастру. Там параілі яшчэ пачакаць некаторы час, бо дакумент толькі што апублікавалі. У любым выпадку, адзначылі ў ведамстве, каб атрымаць кансультацыю, трэба будзе прыйсці на кансультацыю, якая працуе ў аўторкі з 9:00 да 13:00.

Дарэчы, у Савету Міністраў, каб «забяспечыць прывядзенне нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з гэтым указам і зрабіць іншыя захады для яго рэалізацыі», час ёсць таксама да 1 верасня.

«Белсат» будзе сачыць за развіццём сітуацыі ды абавязкова праінфармуе, калі рэалізацыя ўказу стане больш зразумелаю.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў