«У нашай базе больш за 200 суддзяў». Літва расследуе злачынствы супраць чалавечнасці ў судах Беларусі


Літоўскі цэнтр права і дэмакратыі «JusticeHub» падрыхтаваў справаздачу «Права на справядлівы судовы разбор у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года». Паралельна вядзецца крымінальны працэс аб злачынствах супраць чалавечнасці, і на сённяшні дзень у адмысловай базе каля 200 беларускіх суддзяў, якія могуць быць асуджаныя на падставе прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі. Чаго чакаць беларускім суддзям і як гэта дапаможа іхным ахвярам – абмяркоўваем з кіраўніком «JusticeHub» Дайнюсам Жалімасам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Справаздача дапаможа скласці новыя санкцыйныя спісы і правесці люстрацыю

Справаздача «Права на справядлівы судовы разбор у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года» літоўскага цэнтру права і дэмакратыі «JusticeHub» сталася першым настолькі падрабязным даследаваннем парушэння правоў чалавека ў судах Беларусі. Пры рыхтаванні справаздачы эксперты карысталіся інфармацыяй, якую перадавалі былыя палітвязні і праваабарончы цэнтр «Вясна», а таксама стэнаграмамі аўдыязапісаў судоў, звесткамі з сістэмы пошуку інфармацыі «Эталон» і афіцыйнага сайту Канстытуцыйнага Суда Беларусі.

«Гэтая справаздача фіксуе, што суддзі бралі актыўны ўдзел у спрыянні ажыццяўленню недэмакратычнага рэжыму, накіраванага на масавы напад на цывільнае насельніцтва», – сцвярджаюць складальнікі справаздачы.

Эксперты «JusticeHub» выявілі наступныя парушэнні судоў у Беларусі:

  • суддзі не выконваюць прынцыпу незалежнасці і бесстароннасці;
  • зафіксаваныя масавыя парушэнні судамі асноўных правоў чалавека;
  • адсутнасць выканання працэсуальных правоў і права на справядлівы суд;
  • адсутнасць рэальнай і эфектыўнай магчымасці аспрэчыць рашэнні суда першай інстанцыі;
  • парушэнне права на публічнае паседжанне;
  • адсутнасць роўнасці бакоў.

Складальнікі справаздачы кажуць, што яе можна выкарыстоўваць для разгляду справаў у рамках універсальнай юрысдыкцыі. Таксама на падставе звестак, пададзеных у справаздачы, могуць быць складзеныя новыя санкцыйныя спісы, у якія ўключаць суддзяў, датычных да рэпрэсіяў супраць беларусаў. Даследаванне можа таксама дапамагчы пры будучай судовай рэформе ў Беларусі, а таксама люстрацыі, бо яно ўтрымлівае наўпроставыя доказы таго, што здзяйсняў той ці іншы суддзя і на падставе чаго ён ці яна больш не могуць займаць такой пасады ў будучыні.

Справаздачу можна прачытаць тут.

Чым міжнародная ўніверсальная юрысдыкцыя дапаможа беларусам?

Што такое міжнародная ўніверсальная юрысдыкцыя, як яна можа дапамагчы ў аднаўленні справядлівасці ў дачыненні ахвяраў рэжыму Лукашэнкі, хто можа ёй скарыстацца – гэтыя пытанні мы задалі кіраўніку «JusticeHub» Дайнюсу Жалімасу.

– Спадар Дайнюс, распавядзіце, калі ласка, у чым сутнасць міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі і як гэтай працэдурай сёння могуць скарыстацца беларусы?

– Міжнародная ўніверсальная юрысдыкцыя – гэта прадугледжаная заканадаўствам розных краінаў магчымасць падаваць, прымаць заявы і расследаваць крымінальныя справы паводле асабліва цяжкіх міжнародных злачынстваў, сярод якіх генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, без прывязкі да месца і часу здзяйснення гэтага злачынства, грамадзянства адказных і пацярпелых. Калі казаць пра Беларусь, то тут мы маем справу са злачынствамі супраць чалавечнасці.

Прынцып міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі прысутнічае ў заканадаўстве такіх краінаў, як Літва, Польшча, Нямеччына, Бельгія, Нідэрланды, Венгрыя і іншых.

Паводле гэтага прынцыпу, увосень 2022 года Літва адкрыла крымінальную справу па падзеях у Беларусі пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года. Падставаю для адкрыцця справы паслужылі заявы пацярпелых ад рэжыму, якія знайшлі прытулак [за мяжою. – Belsat.eu], а таксама сваякоў тых пацярпелых, якія застаюцца ў Беларусі за кратамі.

Ахвярам беларускага рэжыму ці іхным сваякам, якія цяпер у Літве, нашая арганізацыя надае юрыдычную дапамогу, каб яны звярнуліся ў літоўскую пракуратуру з заявамі. Гэтыя заявы цяпер уваходзяць у тую агульную крымінальную справу, пачатую летась, але калі будзе канкрэтызаваны падазраваны, нейкая справа можа быць асобна выдзеленая, і мы спадзяемся, што такіх справаў будзе шмат.

«У нашай базе больш за 200 суддзяў, і ўсе яны некалі адкажуць за пераслед людзей»

– Чаму вы вырашылі заняцца аналізам менавіта судоў у Беларусі?

– Суддзі сёння адныя з галоўных падазраваных у злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі. Суддзі, напэўна, не катуюць людзей наўпрост, але, акрамя катаванняў, ёсць іншыя злачынствы супраць чалавечнасці – пераслед паводле палітычных матываў, паводле нацыянальнай прыкметы, незаконнае пазбаўленне волі, але паводле міжнародных стандартаў, а не рэпрэсіўных законаў лукашэнкаўскай сістэмы. Суддзі якраз гэтым усім і займаюцца, калі выносяць прысуды за ўдзел у мітынгах, рознага кшталту публічныя дзеянні, распаўсюд інфармацыі ў сацсетках, журналісцкую дзейнасць, за іншыя праявы свабоды самавыяўлення.

Усе такія справы ў Беларусі праходзяць праз суды, каб стварыць выгляд легітымнасці рэпрэсіяў. Адказнасць суддзяў за гэтыя справы абцяжарвае тое, што яны як юрысты добра разумеюць, што яны робяць, – здзяйсняюць злачынствы, рэалізоўваючы палітыку Лукашэнкі для пераследу беларускай грамадзянскай супольнасці.

– На якім этапе цяпер расследаванне злачынстваў суддзяў?

– На стадыі папярэдняга расследавання. І я спадзяюся, што яно распаўсюдзіцца і на іншыя еўрапейскія краіны і будзе весціся не толькі ў Літве. На сённяшні момант у нас ёсць звесткі на больш чым 200 суддзяў. І я думаю, што некалі яны ўсе адкажуць за пераслед людзей. Некаторыя з іх ужо цяпер у рознага кшталту міжнародных ці нацыянальных санкцыях, а астатнія – кандыдаты на прымяненне такіх санкцыяў, якія забароняць ім свабодна прыязджаць у краіны Еўразвязу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Што асабліва важна для будучыні – каб яны ўсе былі вядомымі, каб, калі ў Беларусі настане момант дэмакратычных змяненняў, у дачыненні да іх прымянялася, акрамя крымінальнай адказнасці, люстрацыя. Гэтыя так званыя суддзі ў дэмакратычнай дзяржаве больш не могуць, не павінны займацца такой дзейнасцю.

«Магчыма, беларускіх суддзяў будзе судзіць міжнародны трыбунал»

– Калі расследаванне будзе завершанае, як будзе выглядаць рашэнне літоўскага суда, вырак у дачыненні гэтых суддзяў?

– Цяпер цяжка сказаць. І тут трэба адзначыць, што хоць нам і вядомыя імёны канкрэтных суддзяў, улічваючы, што мы пачалі працу нядаўна, пакуль няма афіцыйна абвешчаных падазраваных. Але калі яны будуць абвешчаныя ў статусе падазраваных, тады на іх будзе выдадзены ордар на арышт, ён будзе перададзены праз органы Інтэрполу. Іх змогуць арыштаваць у любой краіне. Але нават калі пакуль не арыштуюць, у Літве магчыма асудзіць іх завочна. І ў гэтым выпадку, калі адбудуцца перамены ў Беларусі, матэрыялы могуць быць перададзеныя ў рэфармаваныя органы правасуддзя новай дэмакратычнай Беларусі для разбору ўжо там.

Ці іншы варыянт – цяпер якраз абмяркоўваецца думка, што ўсё ж будзе патрэбны спецыяльны міжнародны трыбунал аб злачынствах супраць чалавечнасці, і тады беларускіх суддзяў будзе судзіць гэты трыбунал.

Але самае галоўнае, што ўсе гэтыя суддзі, якія выносяць такія прысуды, павінны ведаць, што іхныя дзеянні не застаюцца незаўважанымі, што іхныя прозвішчы вядомыя, і што ў адзін дзень ім прыйдзецца сутыкнуцца з канкрэтнай адказнасцю, і ім не будзе месца ў будучай новай Беларусі, пакуль яны не адбудуць свайго пакарання.

На жаль, працэс ідзе павольна, і пакуль што шмат пытанняў да органаў правасуддзя не толькі Літвы, але і іншых краінаў – чаму дагэтуль няма ніводнага падазраванага ў беларускіх справах, якія яны вядуць? Акрамя Літвы, ёсць яшчэ некалькі дзяржаваў, якія пачыналі такія справы ў рамках міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі (Польшча, Чэхія, Нямеччына), але нідзе дагэтуль не назвалі ніводнага падазраванага.

«Рэжым адчувае, што адказнасць будзе, таму і закрывае суды»

– Як вы атрымліваеце інфармацыю? Ці дастаткова яе цяпер?

– З аднаго боку, сабраць доказы злачынстваў суддзяў даволі проста, бо ёсць канкрэтныя дакументы, прысуды, падпісаныя гэтымі суддзямі. Мы атрымліваем гэтую інфармацыю ад праваабарончага цэнтру «Вясна». Акрамя таго, ёсць і іншыя крыніцы – у Літве знайшлі прытулак некаторыя адвакаты, якіх у Беларусі пазбавілі ліцэнзіі, у іх свае звесткі. Таксама нашыя крыніцы – актывісты беларускай грамадзянскай супольнасці і непасрэдна пацярпелыя.

– Ці будзе папоўнены ваш спіс з 200 суддзяў? Бо суды ў Беларусі пакуль не заканчваюцца…

– Так, мы спадзяемся, што ў найбліжэйшай будучыні будзем папаўняць спіс. Але праблема ў тым, што апошнім часам нашмат складаней атрымліваць дакументальныя доказы прысудаў. Асабліва гэта датычыць тых крымінальных справаў, якія ў парушэнне ўсіх міжнародных стандартаў разглядаюцца ў закрытым рэжыме. Там мы можам атрымаць толькі рэзалютыўную частку прысуду, без матывацыі. І тое нават пераследуюцца людзі, якія гэта некаму перадаюць. Таму са зборам матэрыялаў для папаўнення спісу суддзяў цяпер складаней, чым было раней, калі мы толькі пачыналі. Але гэта, магчыма, яшчэ і таму, што рэжым адчувае, што такія прысуды прывядуць да адказнасці, і таму і закрывае суды, і стараецца зрабіць так, каб было як мага менш доказаў такіх прысудаў.

«Трэба разбірацца, чаму ў ЕЗ прынцып міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі не прынёс ніводнага выніку»

– Ці вядзецца крымінальная справа і супраць сілавікоў Беларусі?

– Тая крымінальная справа, якая была ў нас пачатая, агульная. Але пачатковай яе мэтай было расследаванне катаванняў у Беларусі, і там якраз і ёсць так званыя сілавікі, бо гэта яны адказныя за катаванні. Паколькі следства яшчэ вядзецца, цяпер нельга сказаць, хто канкрэтна ў спісах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

– Ці могуць беларусы звяртацца з заявамі на беларускіх сілавікоў і суддзяў у пракуратуру не толькі ў Літве, але і ў іншых краінах Еўразвязу?

– Так, могуць. Але ў розных краінах існуюць свае асаблівасці, і далёка не заўсёды гэта простая працэдура. У Польшчы, напрыклад, складаней – прынамсі, яшчэ нядаўна заявы прымалі толькі ад тых, хто меў карту паляка. У нас жа для гэтага дастаткова проста быць на тэрыторыі Літвы. І хоць ува ўсіх рэзалюцыях Еўразвязу заахвочваецца прымяненне ўніверсальнай юрысдыкцыі, але думаю, павінна стаць прадметам асобнага даследавання пытанне, чаму ў краінах ЕЗ гэтая працэдура пакуль не прынесла ніводнага выніку і дагэтуль няма ніводнага падазраванага, хоць расследаванні вядуцца.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў