Ці здолее Украіна закрыць неба? На 24 жніўня прагназавалі масавыя абстрэлы, а «прылётаў» было няшмат


Украіна чакала масіраваных расейскіх атак 24 жніўня. Паветраныя трывогі гучалі цэлы дзень, ад расейскіх удараў загінулі людзі. Але апакаліптычныя прагнозы не спраўдзіліся. Гэта Расея перадумала ці Украіна адбіла большасць атак?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рыхтаванне да Дня Незалежнасці Украіны. На Хрэшчатык звозяць знішчаную вайсковую тэхніку Расеі. Кіеў, Украіна. 20 жніўня 2022 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Цягам 24 жніўня ва Украіне 189 разоў абвяшчалі паветраную трывогу. Ракеты запускалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. У некаторых вобласцях трывога трывала менш за чатыры гадзіны, у Запарожскай – аж 14 гадзінаў. У Чапліне, што ў Днепрапятроўскай вобласці, ад расейскага ўдару па чыгуначнай станцыі і прыватным доме загінулі не менш за 25 чалавек. Таксама 24 жніўня расейскія вайскоўцы абстралялі Сынэльныкаўскі раён у Днепрапятроўскай вобласці – ракета трапіла ў прыватны дом, загінула 11-гадовае дзіця. Паведамляюць аб загінулых ад абстрэлаў на Данеччыне.

Але «прылётаў» было ўсё ж далёка не так шмат, як паветраных трывог. Не адбылося «нечага асабліва брыдкага, нечага асабліва жорсткага», як прагназавалася. Расея перадумала атакаваць? «Белсат» спытаў пра гэта ў намесніка дырэктара ўкраінскага Цэнтру даследавання арміі, канверсіі і раззбраення Мыхайлы Самуся.

Рэпартаж
«Хутка скончыцца лета, а ў нас яшчэ люты». Дзень Незалежнасці Украіны, поўны гонару, болю і надзеі
2022.08.24 22:55

Ён тлумачыць: масавыя абстрэлы прагназавалі таму, што былі падставы чакаць ад Уладзіміра Пуціна чарговых правакацыяў, бо ў яго праблемы з «украінствам» агулам і Днём Незалежнасці Украіны ў прыватнасці. Напрыклад, можна было чакаць удараў па ўрадавым квартале ў Кіеве, таму лепей было перастрахавацца і пазбягаць масавых святкаванняў Дня Незалежнасці.

Пры тым Расея не мае чагосьці, што магло б пераламіць хаду вайны ва Украіне, дадае Самусь. Расея завязла на Данбасе і на поўдні, максімальна выкарыстала ўсё, што мае – і можа хіба нарошчваць і канцэнтраваць асабовы склад, бранятэхніку і артылерыю. Але гэта прынясе толькі новыя страты для расейскай арміі ды наўрад ці значна зменіць сітуацыю. Таму Расея трымаецца цяперашняй тактыкі з абстрэламі.

Расея не адмовілася ад абстрэлаў, але страляе неэфектыўна

Самусь адзначае, што ў Чапліне загінулі 25 мірных жыхароў, а расейскі бок заяўляў, што наносіў удар па вайсковых аб’ектах і забіў 200 вайскоўцаў. Ён тлумачыць гэта праблемаю з расейскаю выведкаю:

«У іх спадарожнікавай выведкі фактычна няма, магчымасці хутка ўдакладняць каардынаты цэляў і вынікі ўдараў няма, – кажа ўкраінскі эксперт. – У іх таксама дэфіцыт новых ракетаў і шмат старых ракетаў. Старыя ракеты могуць наносіць удары толькі з вялікім адхіленнем ад каардынатаў».

Так, супрацькарабельныя ракеты Х-22, якімі Расея часта страляе па наземных цэлях, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, маюць адхіленне на кіламетр. Трапіць такой ракетай у наземную цэль амаль немагчыма, але Расея імі фактычна тэрарызуе Украіну, кажа Самусь: ракеты запускаюць у населеныя пункты, ведаючы, што ў які-небудзь жылы будынак ці гандлёвы цэнтр яны трапяць.

Украіна можа сама закрыць сваё неба?

Яшчэ да пачатку вайны ўкраінцы прасілі заходніх партнёраў закрыць неба над Украінай: забяспечыць супрацьпаветраную абарону, з якой украінскія войскі мелі праблемы. Ніводная краіна не абвясціла, што «закрывае неба» – гэта значыла б, што краіна абяцае ў тым ліку збіваць расейскія самалёты. Але Украіна сваймі сіламі збівае расейскія ракеты і самалёты, а ад заходніх партнёраў атрымлівае перадавую тэхніку.

Самусь пералічвае: у нядаўніх пакетах дапамогі не толькі Злучаныя Штаты, а і Нямеччына, і Іспанія перадаюць зенітна-ракетныя комплексы і сістэмы супрацьпаветранай абароны. Сярод іншага, Украіна атрымае ад ЗША ў бліжэйшыя два месяцы шэсць самых сучасных нарвежскіх комплексаў NASAMS, а таксама нямецкія сістэмы IRIS-T SLM, якіх яшчэ не маюць нават самі нямецкія Узброеныя сілы. Гэтыя комплексы маюць больш магчымасцяў менавіта супрацьракетнай (а не супрацьсамалётнай) абароны, чым савецкія комплексы, якія мае Украіна. Таксама Штаты перадалі новыя комплексы для барацьбы з беспілотнікамі, якія самі ЗША не маюць на ўзбраенні. Ды і сістэмы «Gepard», якія перадае Украіне Нямеччына, падвысяць тактычныя магчымасці ўкраінскіх войскаў, хоць і маюць кароткую далёкасць.

«Таму я думаю, што напраўду бліжэйшым часам супрацьпаветраная абарона істотна ўзмацніцца», – рэзюмуе Самусь.

Пры гэтым варта памятаць, што паветраныя трывогі гучаць не проста так. Ігнараваць іх нельга, якой бы моцнай не была вера ў супрацьпаветраную абарону.

Фота
Незалежныя. Як украінцы ўжо паўгода змагаюцца за сябе і сваю краіну
2022.08.24 17:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў