Грамадскі актывіст з Берасця Андрэй Шарэнда змог вывезці з Беларусі сваіх сыноў. Ён не бачыў іх паўгода.
«Мы не бачыліся паўгода, але зараз дзеці далучыліся да мяне, яны скончылі навучальны год у Беларусі. Цяпер мы разам і, спадзяюся, не будзем надоўга разлучацца. Мы былі вельмі рады бачыць адзін аднаго. У бліжэйшыя пару месяцаў мы адпачнем у краіне, дзе ёсць пальмы, мора і горы», – сказаў «Белсату» Андрэй Шарэнда.
Маці дзяцей і жонка Андрэя Паліна Шарэнда-Панасюк ужо больш за 500 дзён знаходзіцца за кратамі, у закладніках рэжыму Лукашэнкі.
Яшчэ летась «суддзя» Яўген Брэган прысудзіў жанчыне 2 гады зняволення паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»). На пачатку красавіка палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк дадалі яшчэ год калоніі да асноўнага тэрміну. Жанчыну судзілі ў закрытым рэжыме за быццам бы парушэнне ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).
Са жніўня 2021 года Паліна ўтрымліваецца ў жаночай калоніі Гомля, дзе яе доўга трымалі ў карцары, пазбавілі сустрэчаў і перадачаў, якіх нельга пазбавіць паводле закону, а таксама да яе не пускалі адваката.
Супраць Андрэя Шарэнды таксама завялі некалькі крымінальных справаў, але яму ўдалося збегчы з Беларусі. Пазней стала вядома, што сям’ю пазбавілі арэндавага жытла. У канцы сакавіка 2022 года сілавікі прыйшлі з ператрусам да маці актывіста.
Алена Рувіна, АЛ belsat.eu