Ніхто з беларусаў замежжа не прыехаў у Менск прагаласаваць на «бязвыбарах»


Ніхто з беларусаў замежжа не прыехаў прагаласаваць на спецыяльна створаны выбарчы ўчастак у Менск – ні падчас датэрміновага галасавання, ні ў асноўны дзень «выбараў». Пра гэта журналістам распавяла сакратарка ЦВК Алена Балдоўская, піша ПЦ «Вясна».

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: newsgomel.by

Праўда, яна спадзяецца, што да вечара такія людзі ўсё ж знойдуцца.

Нагадаем, у гэтую выбарчую кампанію ўчасткі за мяжой створаны не былі. Для беларусаў замежжа арганізавалі адзін участак у Менску – людзей запрашалі прыехаць у краіну, каб прагаласаваць там.

25 лютага ўпершыню ў Беларусі праходзяць аб’яднаныя выбары – адзіны дзень галасавання. Назіраць за выбарамі запрошаны прадстаўнікі СНД, Парламенцкай асамблеі АДКБ. Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) запрашэння не атрымала.

Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У якасці кандыдатаў у дэпутаты зарэгістраваны толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў