Філіпенка ў Франкфурце: «Я вельмі прашу вас перастаць ставіць коскі там, дзе даўно пара паставіць кропку»


Пісьменнік і журналіст Аляксандр Філіпенка. Фота з уласнага архіву

Беларускі пісьменнік Саша Філіпенка выказаўся пра сітуацыю ў нашай краіне на Франкфурцкім кніжным кірмашы.

Вось што ён казаў:

«Вось ужо больш за год у Беларусі працягваецца сапраўдная гуманітарная катастрофа. У Беларусі не засталося незалежных СМІ і тэатраў, зачыненыя ўсе таварыствы, а за каментары ў інтэрнэце арыштоўваюць сотні грамадзянаў.

Цяпер, калі я выступаю перад вамі, у беларускіх турмах сядзіць амаль тысяча палітычных зняволеных, але пяты санкцыйны пакет дагэтуль толькі абмяркоўваецца і распрацоўваецца.

У Беларусі працягваюцца палітычныя забойствы – цяпер мірных грамадзянаў забіваюць у іх уласных хатах, але міжнародны трыбунал расследаванняў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі дагэтуль не стартаваў.

Праз беларускія турмы прайшлі больш за сорак тысяч чалавек, а адно трапленне ў беларускую турму – гэта ўжо катаванне, але дэлегітымізацыі Лукашэнкі дагэтуль не адбылося.

Дыктатар фальсіфікуе выбары, разгортвае беспрэцэдэнтныя для сучаснай Еўропы рэпрэсіі, але шмат якія еўрапейскія палітыкі і журналісты дагэтуль клічуць яго прэзідэнтам.

Толькі з-за гэтага чалавека Беларусь пакінулі амаль 400.000 чалавек, якія вымушаныя будаваць новае жыццё ўдалечыні ад дому, але абіраючы паміж вольнасцю цэлай краіны і гандлем з дыктатарам, Еўропа кожны раз абірае другое, а краіны накшталт Аўстрыі і Бельгіі просяць паслабіць санкцыі.

Зараз, Лукашэнка выкарыстоўвае мігрантаў замест снарадаў, атакуе Еўропу людзьмі, якія бягуць ад бед у сваіх уласных краінах. І я не прашу вас вырашыць праблемы гэтых краін, ці праблему маёй краіны, але я заклікаю вас актыўней выконваць хаця б тое, пра што вы самі заяўляеце.

Я вельмі прашу вас перастаць ставіць коскі там, дзе даўно пара паставіць кропку»

Hавiны
«Блізкім не даюць перадаць нават гігіенічных сродкаў». Сваячка затрыманага ў «справе Зельцара»
2021.10.24 12:30

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў