«Лукашэнка русіфікуе свой народ». У Еўрапарламенце абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі


У камітэце замежных справаў Еўрапарламенту сёння адбыліся дэбаты аб сітуацыі ў Беларусі. Падчас пасяджэння сябра камітэту Анна Фатыга заявіла пра русіфікацыю беларусаў, што ладзіць Лукашэнка. Пра гэта польская дэпутатка распавяла карэспандэнту «Белсату».

Анна Фотыга
Анна Фатыга на форуме Каліноўскага ў Бруселі, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Лукашэнка не толькі пераследуе палітзняволеных, ён вядзе вайну супраць усяго беларускага грамадства», – заявіла карэспандэнту «Белсату» сябра камітэту замежных справаў Еўрапарламенту, польская дэпутатка Анна Фатыга. Яна адзначыла, што казала пра гэта на дэбатах, прымеркаваных сітуацыі ў Беларусі, што адбыліся сёння на пасяджэнні камітэту. Паводле дэпутаткі, «рэжым Лукашэнкі русіфікуе беларускае грамадства»:

«Гэта тычыцца не толькі прадстаўнікоў польскай меншасці. Лукашэнка, што ўвогуле цяжка сабе ўявіць, русіфікуе свой уласны народ, абмяжоўваючы доступ да культуры, да мовы. Урэшце, менавіта Алесь Бяляцкі хацеў, каб судовыя пасяджэнні праходзілі на беларускай мове. І яму ў гэтым было адмоўлена».

Акрамя таго, Анна Фатыга пракаментавала заяву Наталлі Пінчук, жонкі палітвязня Алеся Бяляцкага, якая заявіла, што кантактаваць з уладамі ў Менску неабходна толькі пасля вызвалення ўсіх палітвязняў, а да гэтага моманту сэнсу ў перамовах няма. Дэпутатка на гэта сказала, што «пазіцыя Еўрапарламенту больш шырокая».

«Вядома, мы як толькі можам падтрымліваем палітычных зняволеных, асабліва такіх, як Алесь Бяляцкі. Мы сочым за кожным выпадкам і спрабуем умяшацца, выказацца і націснуць на ўлады, на лідараў Еўразвязу і дзяржаваў-чальцоў дзеля больш моцных санкцыяў, якія маглі б аказаць ціск на рэжым Лукашэнкі», – заявіла Фатыга, адзначыўшы, што праблема не толькі ў палітвязнях.

«Гэта зусім не азначае, што я прымяншаю гэтае пытанне. Лукашэнка ўзурпаваў прэзідэнцкую ўладу, ён не перамог на выбарах, таму ён не з’яўляецца дэмакратычным лідарам, і ён увесь час вельмі актыўна ўдзельнічае ў падтрыманні вайны, якую Уладзімір Пуцін вядзе супраць Украіны. Лічу, што вызваленне палітвязняў – абсалютна неабходная ўмова, аднак наш партнёр – беларуская апазіцыя», – сказала дэпутатка.

Каментар
Латушка ў Страсбургу: Дабіваемся крымінальнай адказнасці Лукашэнкі за ваенныя злачынствы
2023.05.09 00:51

Адказваючы на пытанне «Белсату» пра лабіяванне некаторымі дзяржавамі ЕЗ касавання калійных санкцыяў, Анна Фатыга падкрэсліла, што Польшча і краіны Балтыі, наадварот, выступаюць за ўзмацненне абмежаванняў:

«Мы выступаем за больш шырокія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку калійныя. Упэўненая, што рана ці позна наш пункт погляду будзе прыняты да ўвагі, бо мы, на жаль, маем рацыю».

Каментуючы запрашэнне Лукашэнкі на саміт ААН, прысвечаны мэтам устойлівага развіцця, Анна Фатыга заўважыла, што пасля вайны ва Украіне сістэму Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў трэба будзе змяняць:

«Расея, сталы чалец Рады Бяспекі ААН, – агрэсар супраць суседняй дзяржавы, іншага чальца ААН. Гэта праблема. Рэзалюцыі Рады Бяспекі не ўхваляюцца. Мы маем механізм: рэзалюцыі, што ўхваляюцца Генеральнай асамблеяй. Аднак сістэма Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў пасля вайны павінна будзе зведаць сурʼёзныя змены».

Дэпутатка заявіла, што наогул выступае за тое, каб выдаліць Расею з ААН. «Аднак існуе адна праблема: ААН аб’ядноўвае лідараў краінаў, якія далёкія ад дэмакратыі», – падсумавала Фатыга.

Аналітыка
Калі абвесцяць у вышук Лукашэнку? Што набліжае суды за рэпрэсіі ў Беларусі
2023.04.11 08:00

Алесь Сіліч, Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў