«Чырвоныя лініі для расейскіх ручак». Што дасць нашаму рэгіёну глабальнае супрацьстаянне


Поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны цягнецца ўжо больш як год. У канфлікт уцягваюцца ўсё новыя ўдзельнікі, якіх умоўна можна падзяліць на два лагеры. З гэтай нагоды гучаць параўнанні цяперашніх падзеяў з халоднаю вайной мінулага стагоддзя. Наколькі гэта правільныя параўнанні і чаго агулам чакаць нашаму рэгіёну і свету, карэспандэнты «Белсату» спыталі ў беларускага гісторыка, палітычнага аглядальніка Яўгена Красуліна.

Вайна ва Украіне агаліла праблемы, што існавалі ў свеце. Ды сфармавала больш-менш выразныя лагеры супрацьстаяння. З аднаго боку – Расея, у тым ліку з дапамогай рэжымаў у Беларусі, КНДР, Іране і да іх падобных, вядзе вайну супраць Украіны, якую ў сваю чаргу падтрымліваюць ЗША з краінамі Еўрапейскага Звязу і NATO, Японіяй, Аўстраліяй, Паўднёвай Карэяй ды іншымі. На баку апошніх стаіць і беларускі дэмакратычны рух.

Прэс-канферэнцыя Уладзіміра Зяленскага. Кіеў, Украіна. 24 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Як адзначыў гісторык Яўген Красулін, у сённяшняй сітуацыі сапраўды можна знайсці пэўныя паралелі з халоднай вайной. Як і тады, «існуюць два цэнтры, якія на словах дэманструюць сваю варожасць, але на справе імкнуцца знайсці нейкія пункты паразумення, перадусім праз эканамічную зацікаўленасць».

Паводле гісторыка, сённяшнія цэнтры, як і ў час халоднай вайны, таксама могуць весці з дапамогай сваіх проксі войны, гарачыя ці не надта, у розных рэгіёнах планеты. Толькі калі раней было супрацьстаянне капіталізму і сацыялізму, то цяпер – хутчэй супрацьстаянне дэмакратыяў і рознага кшталту аўтакратыяў. Праўда, удакладніў Красулін, калі цэнтрам дэмакратычнага свету надалей з’яўляюцца ЗША і агулам Захад, то цэнтр свету аўтакратычнага перамясціўся з Расеі ў Кітай.

«Масква – не цэнтр ніякі. Яна ім заставалася толькі праз вялікую літасць заходніх краінаў, якія вырашылі не крыўдзіць Расею і ставіцца да яе як да роўні. Нават далі месца ў Радзе бяспекі ААН з правам вета замест Савецкага Саюзу», – заявіў гісторык.

Агляд
Мядзведзеў прыгразіў ЗША ядравым ударам. Мы падлічылі – гэта ўжо 15-ы раз за год
2023.02.22 17:06

На ягоную думку, Расея замест таго, каб развіваць эканоміку, «вельмі песціла і гадавала свае імперскія шавіністычныя настроі, нават не спрабуючы засумнявацца хоць на хвілінку ў іх».

«І гэта прывяло яе да лагічнага фіналу – сыходу на перыферыю палітыкі. Але пры гэтым ядравая зброя не дае цалкам яе ігнараваць. Гэта апошняе, што яшчэ ўтварае ілюзію значнасці Масквы на міжнароднай арэне», – адзначыў Красулін.

Выпрабавальніца NATO для Кітаю

Суразмоўца нагадаў, што за апошні год Расея была «выкінутая» з Паўднёвага Каўказу і Цэнтральнай Азіі больш моцнымі гульцамі. І цяпер яна гуляе для КНР ролю выпрабавальніцы вайсковага майстэрства NATO, ваюючы ва Украіне з войскам, што мае натаўскую зброю і навучаецца паводле натаўскіх жа ўзораў.

«Для Кітаю гэта вельмі цікава, бо ёсць тайваньская праблема, якая цягне за сабою рызыку сутыкнуцца з амерыканскім войскам», – мяркуе гісторык.

Пры гэтым у Кітаю няма такіх інстытуцыялізаваных структураў, як у Захаду, кшталту NATO і Еўразвязу. Дый агулам падыход КНР да вонкавай палітыкі не прадугледжвае фармальных саюзнікаў. Замест гэтага ёсць розныя ступені сяброўства, зыходзячы з якіх Пекін і робіць розныя канфігурацыі на міжнароднай арэне, адзначыў Красулін.

Тым не менш, праз сваю аўтарытарную палітычную мадэль з КНР збліжаюцца такія краіны, як Венесуэла, Нікарагуа, Зімбабвэ ды іншыя. Дый Пекін часта апелюе да БРІКС – аб’яднання Бразіліі, Расеі, Індыі, Кітаю і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, прыкладам чаго ёсць супольныя вучэнні КНР, РФ і ПАР, што цяпер праходзяць у Індыйскім акіяне.

Ілюстрацыйны здымак. Вучэнні Ірану, Расеі і Кітаю ў Індыйскім акіяне.
Фота: WANA NEWS AGENCY / Reuters / Forum

Да таго ж «у адрозненне ад Расеі, якая адкрыта і шчыра ідзе туды, дзе ёсць праблемы, Кітай больш рэспектабельны і можа мець справы з любымі рэжымамі, хоць дэмакратычнымі, хоць аўтарытарнымі – абы быў прыбытак». Гэта, заявіў гісторык, звужае магчымасці пабудовы акрэсленага лагеру на чале з КНР, каб «хоць неяк ураўнаважваць уплыў Захаду». Але ён мяркуе, што Кітай можа стаць больш небяспечным, калі ягоная эканоміка пачне дэманстраваць занадта вялікае тармажэнне. Раней менавіта гэта і адбылося з Расеяй, адзначыў Красулін.

Тым не менш, нагадаў суразмоўца, галоўным інтарэсам для Кітаю застаецца Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, дзе ЗША спрабуюць пабудаваць вакол яго «санітарны кардон» у выглядзе так званага ціхаакіянскага NATO. Агулам, паводле яго, сітуацыя ў свеце вельмі складаная і можа змяніцца ў горшым кірунку – у бок напружанасці часу Карыбскага крызісу ці пачатку 1980-х гадоў.

Увязацца і пачакаць

На гадавіну пачатку расейскай агрэсіі са сваймі праграмнымі заявамі выступілі прэзідэнты ЗША Джо Байдэн і Расеі Уладзімір Пуцін. План мірнага ўрэгулявання вайны ва Украіне падрыхтавалі і кітайскія ўлады. З гэтага ўсяго найбольш важным Яўген Красулін лічыць менавіта выступ Байдэн, тады як заявы Пуціна адпавядаюць «месцу ягонай краіны ў сучасных міжнародных стасунках».

Каментар
Які мэсэдж Захаду атрымаўся ў прамове Пуціна перад Федэральным Сходам? Каментуе Фрыдман
2023.02.21 19:58

Паводле яго, адно са спадзяванняў Расеі палягае на тым, што канфлікт ва Украіне будзе зацягвацца, а ў выніку заходнія грамадствы пачнуць стамляцца і патрабаваць ад сваіх палітыкаў вярнуць «усё ў назад». Не выключаная і арганізацыя голаду ў краінах Афрыкі, з дапамогай якога можна будзе арганізаваць «новае цунамі міграцыі ў Еўропу», як гэта ўжо было з мігрантамі з Сірыі ў 2015 годзе. У выніку РФ плануе з дапамагой сваіх троляў і агентаў уплыву прывесці людзей, больш лаяльных да сябе, «і тады паглядзець, якія адкрыюцца перспектывы».

«На гэтым заўжды будавалася стратэгія Расеі пры Пуціну – улезці, дзе замутня, а там паглядзім, што будзе», – адзначыў Красулін.

Кітай амаль нічога не губляе

Што датычыць Кітаю, то ягоныя прапановы, заявіў гісторык, былі прадказальнымі. З аднаго боку, у Пекіне не могуць пагадзіцца з парушэннем суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласці Украіны, «бо прызнаць Крым і Данбас расейскімі – гэта проста сказаць «забірайце Тайвань». А з іншага – ён заклікае да спынення агню, якое «ніхто не ўспрыме як кіраўніцтва да дзеяння», бо «ніхто не дасць шчасця Расеі спыніць баявыя дзеянні без нейкіх патрабаванняў да расейскага боку».

Аналітыка
На што робіць стаўку Кітай у вайне Украіны і Расеі?
2023.02.23 16:48

Агулам суразмоўца падкрэсліў, што Кітай пакуль нічога асабліва не згубіў праз вайну ва Украіне, тады як «Захад губляе грошы і ўзбраенне, Расея – губляе ўсё, Украіна – людзей». Аднак Красулін не выключае, што ў выпадку, калі спрацуюць разлікі Крамля, то і прапановы Сі Цзінь Піна могуць стаць больш актуальнымі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кітайскія вайскоўцы на парадзе з нагоды 90-годдзя стварэння Народна-вызваленчай арміі. Палігон Чжужыхэ, Кітай. 1 жніўня 2017 года.
Фота: China Daily

Што рабіць беларусам?

Захад і Байдэн «адназначна прадэманстравалі, што Украіна не можа прайграць, бо пройгрыш Украіны – гэта і пройгрыш Захаду: палітычны, эканамічны і вайсковы». Таму Красулін мяркуе, што Украіна будзе атрымліваць усю неабходную дапамогу, каб весці вайну і адваёўваць свае тэрыторыі, пакуль іх не адваюе. І толькі тады прыйдзе час перамоваў.

«І тут нашая вялікая задача за той час, які ёсць, зрабіць так, каб тэма Беларусі была неадарвана звязаная з тэмай Украіны. То бок не толькі безумоўная недатыкальнасць межаў Украіны і адсутнасць умяшальніцтва ў яе справы, але і жорсткая забарона на ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі. Каб паміж Смаленскам і Воршай была праведзеная такая чырвоная лінія, што ніякая расейскія ручкі не маглі б працягнуцца за яе. І каб беларусы далей ужо самі вырашалі лёс таго рэжыму, які цяпер пануе ў Беларусі. Каб там і слядоў расейскіх войскаў не было, як і фінансавання гэтага самага рэжыму з боку Масквы», – адзначыў Красулін.

У такім разе, заявіў ён, «у беларусаў будзе цудоўная магчымасць без крыві ўсё ж такі перайсці да пабудовы нармалёвай, дэмакратычнай і свабоднай краіны».

Аналітыка
«Ёсць куды скачвацца». Ці выльюцца канфлікты вакол Косава, Тайваню і Украіны ў трэцюю сусветную
2022.08.15 11:10

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў