Літва забараніла наведваць Беларусь вайскоўцам і дзяржаўным службоўцам


У Літве на заканадаўчым узроўні ўведзеная забарона на наведванне Беларусі, Расеі і Кітая з непрацоўнымі паездкамі для вайскоўцаў, дзяржслужбоўцаў і асобаў, якія маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: ukrinform.ua

Адпаведны законапраект быў прыняты ў Літве 24 студзеня. Спіс гэтых краінаў быў складзены пасля ацэнкі небяспек і пагроз нацыянальнай бяспецы, адзначылі ў Міністэрстве абароны Літвы.

У МЗС краіны адзначылі, што згаданыя дзяржавы збіраюць звесткі аб грамадзянах Літвы, якія маюць права доступу да сакрэтнай інфармацыі, і шукаюць у іх уразлівыя месцы, каб выкарыстоўваць іх пры вербаванні на сваёй тэрыторыі або на тэрыторыі іншых краінаў. Таксама адзначаецца, што спецслужбы Беларусі і Расеі праводзяць допыты і правакацыі ў дачыненні да грамадзянаў Літвы, якія прыбываюць на іхную тэрыторыю.

Выезд згаданых катэгорыяў грамадзянаў, згодна з пастановай ураду, можа адбывацца толькі па дазволе ў шэрагу вызначаных выпадкаў. Сярод іх – цяжкі стан або смерць сваякоў, ажыццяўленне правоў і абавязкаў бацькоў або апекуноў, пры вырашэнні маёмасных пытанняў, калі іх немагчыма вырашыць праз суд.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў