Украіна выйшла з шэрагу пагадненняў з Беларуссю, у тым ліку аб паветраных зносінах


Украінскі ўрад спыніў дзеянне некалькіх пагадненняў, заключаных у розныя гады паміж Урадам Украіны і Кабінетам Міністраў Беларусі. Пра гэта паведаміў прадстаўнік кабінета міністраў у Вярхоўнай радзе Тарас Мэльнычук.

Самалёт «Белавія».
Фота: Belavia – Belarusian Airlines / Facebook

Украіна скасавала дзеянне пагаднення з Беларуссю аб паветраных зносінах, якое было заключана ў 1995 годзе. Гэта пагадненне дазваляла Беларусі і Украіне ажыццяўляць авіярэйсы і пасадкі на тэрыторыях гэтых краінаў.

Нагадаем, беларускія самалёты не лятаюць над украінскай тэрыторыяй і наадварот з 2021 года, праз інцыдэнт з самалётам «Ryanair» у траўні 2021 года. Тады ва Украіне заявілі, што «сітуацыя з прымусовай пасадкай самалёта кампаніі Ryanair у Менску з’яўляецца парушэннем Канвенцыі аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі».

Таксама спынена дзеянне наступных пагадненнящ паміж Урадам Украіны і Кабінетам Міністраў Рэспублікі Беларусь:

  • аб узаемных пастаўках у 1995 годзе ўзбраення, ваеннай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў і паслуг для патрэб абароны і бяспекі, падпісана ў 1994 годзе;
  • аб дадатковых мерах даверу і бяспекі, падпісана ў 2001 годзе;
  • аб правядзенні сумесных навукова-даследчых і даследна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраення і ваеннай тэхнікі, падпісана ў 2005 годзе;
  • аб узаемнай ахове правоў на вынікі, створаныя і прадастаўленыя ў ходзе двухбаковага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, падпісана ў 2005 годзе.

Раней Украіна выйшла з пагаднення аб гарантыях правоў грамадзян дзяржаў СНД у сферы пенсіённага забеспячэння і пагаднення аб касмічным супрацоўніцтве з Беларуссю.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў