«Такія рэжымы нельга ўлагоджваць». Ціханоўская і Савіных выступілі на ПА АБСЕ


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 23 лютага выступіла на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Вене (Аўстрыя). У падзеі ўдзельнічае таксама дэлегацыя, што прадстаўляе рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Святлана Ціханоўская ў ПА АБСЕ.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

У сваёй прамовы Святлана Ціханоўская распавяла пра рэпрэсіі, палітвязняў, катаванні ў турмах і знішчэнне грамадзянскай супольнасці.

Яна падкрэсліла неабходнасць вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў і магчымасць бяспечнага вяртання дадому для палітычных эмігрантаў.

«Усе палітычна матываваныя справы павінныя быць закрытыя. Толькі тады можа пачацца нацыянальны дыялог», – сказала яна.

Ціханоўская папрасіла памятаць, што Беларусь – не Расея, а Лукашэнка не прадстаўляе беларускі народ. Паводле яе, расейскія войскі павінны быць выведзеныя з Беларусі, а Лукашэнка – паўстаць перад трыбуналам.

«Прашу лічыць рэжым у Менску злачынным. Такія рэжымы нельга ўлагоджваць», – сказала яна.

Ціханоўская прапанавала аднавіць адмысловую групу ў справах Беларусі ў ПА АБСЕ, замарозіць любы ўдзел рэжыму ў любых ініцыятывах і мерапрыемствах АБСЕ.

«Калі мы гаворым пра Беларусь, важна выкарыстоўваць правільную мову і называць рэчы сваімі імёнамі. Не называйце яго прэзідэнтам. Ён ім не з’яўляецца. Памятайце, што ва Украіну напаў менавіта рэжым, а не простыя беларусы», – сказала абраная прэзідэнтка.

Hавiны
Скандал на Парламенцкай асамблеі АБСЕ: палова дэлегатаў пакінула паседжанне праз Расею
2023.02.23 15:42

Дэлегацыю рэжыму Лукашэнкі на пасяджэнні ПА АБСЕ ўзначальвае старшыня Пастаяннай камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных, які абвінаваціў НАТО ў расейскім нападзе на Украіну ды ў пагрозе Беларусі, піша БелТА.

«Нельга таксама маскаваць свае агрэсіўныя планы развагамі аб бяспецы. І асабліва алагічнай выглядае заява брытанскага дэпутата, які прапанаваў выключыць Беларусь і Расею з гэтай арганізацыі. Няўжо вы настолькі ігнаруеце логіку, што не разумееце: сыход гэтых дзвюх краін будзе ў рэальнасці азначаць спыненне любога сэнсу для гэтай арганізацыі. Вы ў рэшце рэшт заўсёды можаце праводзіць свае міжсабойчыкі ў штаб-кватэры НАТО», – заявіў Савіных.

Адзначым, што «адлучыць ад ПА АБСЕ» прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі заклікала і Ціханоўская, бо «ніводзін з гэтых людзей не мае мандата ад беларускага народу».

Каментар
І Ціханоўскую, і лукашэнкаўцаў запрасілі на сесію Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Што гэта значыць?
2023.02.23 11:19

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў