Натрапілі на правакатара. ГУБАЗіК затрымаў двух беларусаў за выказванні ў падтрыманне Украіны


Сілавікі затрымалі двух беларусаў за словы падтрымання Украіне ў чат-рулетцы. Пра гэта паведамляе «Вясна».

Вадзіма Шафранскага і Віталя Лобача затрымалі за размовы з правакатарам пра Украіну.
Фота: «Вясна» / Telegram / viasna96

Беларусы Вадзім Шафранскі і Віталь Лобач 23 студзеня затрыманыя ГУБАЗіКам. Сілавікі запісалі на відэа іхныя прызнанні: яны выказваліся ў падтрыманне Украіны.

Паведамляецца, што Шафранскі і Лобач размаўлялі ў чат-рулетцы з правакатарам Юрыем Комарам, які выдаваў сябе за ўкраінца. Затрыманыя напісалі ў чаце, што падтрымліваюць Украіну і ўкраінцаў, і прагназавалі паразу Расеі ў вайне.

Юрый Комар.
Фота: «Наша Ніва» / nashaniva.com/

Пра Юрыя Комара вядома, што яму 41 гадоў, мае мазырскую прапіску, працуе дальнабойнікам, мае ІП як транспартавальнік. У канцы лістапада 2022 года ён пачаў актыўна размяшчаць ролікі на YouTube. Комар публікуе відэа, як ён проста са свайго аўта ўваходзіць у чат-рулетку пад выглядам украінца і правакуе людзей выказвацца на адрас кіраўніцтва Беларусі і ў падтрыманне Украіны.

Вядома, што праз ягоную наводку сілавікі ўжо затрымалі не менш як чатырох беларусаў, на якіх завялі крымінальныя справы.

Антон Тачняк

Стужка навінаў