Паводле інфармацыі «Кіберпартызанаў», сілавікі на запісе маюць дачыненне да прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску 23 траўня і затрымання Соф’і Сапегі і Рамана Пратасевіча.
Падчас тэлефонных размоваў, зробленых на наступны дзень пасля пасадкі самалёта 24 траўня 2021 года, гучаць канкрэтныя імёны датычных: Дудчык Сяргей Мікалаевіч са Штабу МУС, Халецкі Віталь Леанідавіч – дзяжурны ГУБАЗіКу, Гайко Артур Сяргеевіч – старэйшы аператыўны супрацоўнік ГУБАЗіКу.
«Гэтыя запісы даказваюць, што затрыманне было відавочна запланаванае. У той час, як кадэбэшнікі кіравалі пасадкай самалёта, супрацоўнікі ГУБАЗу рыхтаваліся да затрымання. Для гэтага першапачаткова былі створаныя 2 групы. У адной з іх было кіраўніцтва, а другая – пайшла на затрыманне», – сказана ў апісанні зліву.
Некалькі дзён таму, 19 ліпеня, Рада Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) завяршыла абмеркаванне інцыдэнту пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску і асудзіла «здзяйсненне акту незаконнага ўмяшання» урадам Беларусі. Рада ICAO прызнала, што пагроза бомбы была наўмысна непраўдзівай і паставіла пад пагрозу бяспеку самалёта, а таксама, што пагроза была даведзеная да ведаму лётнага экіпажу паводле даручэння высокапасадных урадавых чыноўнікаў Беларусі.
Тады ў выніку вымушанай пасадкі самалёту арыштавалі блогера Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу.
Алена Рувіна belsat.eu