Еўропа не можа дамовіцца наконт санкцыяў супраць Беларусі: наіўнасць ці мэтазгоднасць?


Прыняцце новага пакету санкцыяў супраць Беларусі затрымліваюць з прычыны магчымага павелічэння прасвету паміж Лукашэнкам і Масквой. Чаму гэткія спадзяванні можна назваць наіўнымі і нерэальнымі, у жывым эфіры «Белсат» патлумачыў еўрапейскі рэдактар радыё «Свабода» Рыкард Юзьвяк.

Цалкам размову глядзіце ў нашым відэа:

«Я думаю, што ёсць два элементы, якія зрабілі новы пакет санкцыяў праблематычным. Адзін – гэта абыход санкцыяў. Нямеччына, якую падтрымлівае пераважна Італія, вельмі імкнулася разбавіць санкцыі, і ім гэта ўдалося. Такім чынам, дзеянні супраць абыходу санкцыяў рэалізаваць складана. Будзе існаваць пэўная структура санкцыянавання, “рамка”, але вы, імаверна, не ўбачыце, каб нейкая кампанія ці краіна былі калі-небудзь унесеныя ў гэты спіс, таму што існуе шмат перашкодаў, якія трэба для гэтага пераадолець».

Другім элементам затрымання санкцыяў Юзьвяк называе абурэнне Вугоршчыны і Грэцыі з украінскага «спісу ганьбы», таму больш за тры тыдні вядуцца дыскусіі, як быць з гэтым спісам і як зрабіць так, каб Кіеў калі не зняў гэтага спісу, то хаця б разбавіў яго.

Рэдактар падкрэслівае, што Еўрапейскі Звяз, асабліва заходнія краіны, усё яшчэ бачаць розніцу паміж Беларуссю і Расеяй. І яны па-ранейшаму лічаць, што актыўны ўдзельнік вайны – гэта Расея, а Беларусь – больш пасіўны. І акурат гэта, на думку эксперта, ёсць адной з галоўных прычынаў большай лаяльнасці да нашай краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ec.europa.eu

«Я думаю, вельмі цікава пачуць тое, што сказаў спадар Макрон – прэзідэнт Францыі – у Браціславе некалькі тыдняў таму, калі ён выказваўся пра Беларусь. Ён сказаў літаральна наступнае: мы не павінныя накладаць больш санкцыяў на Беларусь, мы заўсёды павінныя шукаць стратэгіі выхаду і не мусім занадта моцна заганяць Беларусь у расейскі кут. І гэта тыповае заходнееўрапейскае перакананне».

Але чаму нават размяшчэнне расейскай ядравай зброі на тэрыторыі нашай краіны не паўплывала на гэтае перакананне? Рыкард Юзьвяк называе дзве прычыны: ранейшае размяшчэнне гэтай зброі ў Калінінградзе, побач з Еўразвязам, і перакананне еўрапейцаў і NATO, што Расея можа блефаваць напярэдадні саміту ў Вільні, ды і Крэмль хутчэй за ўсё не ўпэўнены ў магчымасці выкарыстання гэтых ракетаў.

«Гэта такое стратэгічнае пасланне Масквы, каб напалохаць Захад. Але ён, Захад, не хоча трапляць у пастку. І такім чынам, існуе пэўная стратэгія, я б сказаў, з боку Еўразвязу і NATO: не гаварыць пра гэта занадта часта, бо аднойчы гэтыя пагрозы з вуснаў Пуціна могуць быць прынятыя сур’ёзна», – падкрэслівае эксперт.

Што ж датычыць «Беларуськалію» і чутак пра тое, што яго збіраюцца выключыць з санкцыйных спісаў, Рыкард Юзьвяк упэўнены: гэта яшчэ адна з прычынаў павольнага прыняцця новых санкцыяў супраць Беларусі. А дакладней страх уладаў Літвы, што ў новым пакеце будуць выключэнні, датычныя кіраўніцтва «Беларуськалію». Эксперт нават не выключае магчымасці ціску на Літву з гэтае прычыны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: delfi.lt

«І гэтая барацьба доўжыцца ўжо 5–6 месяцаў паміж Літвой, якую падтрымліваюць краіны Балтыі ды Польшча, і краінамі Заходняй Еўропы. Я б асабліва адзначыў Партугалію, якая кажа, што беларускія калійныя ўгнаенні патрэбныя, каб дапамагаць трэцяму свету, каб дапамагаць глабальнаму Поўдню, каб дапамагаць змагацца з голадам і гэтак далей. Такім чынам, акурат гэтая бойка і блакуе новыя пакеты санкцыяў», – падсумоўвае еўрапейскі рэдактар радыё «Свабода».

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў