BEROC паведаміў пра рызыку перагрэву беларускай эканомікі


Даследчы цэнтр BEROC у сваім свежым экспрэс-аналізе паведаміў пра рызыку перагрэву беларускай эканомікі, у тым ліку з прычыны дзеянняў уладаў.

Беларускія рублі.
Фота: Белсат

У BEROC адзначылі, што ВУП Беларусі за пяць месяцаў 2023 года павялічыўся на 0,9% год да году, а асобна ў траўні – прыкладна на 7,1% год да году. Эканамісты адзначаюць, што высокі тэмп росту эканомікі ў апошнія месяцы падтрымліваўся прыкметным узмацненнем унутранага попыту, які падаграваецца мяккай манетарнай палітыкай. Калі інвестыцыйная актыўнасць усё яшчэ прыкметна слабейшая за даваенную, то спажывецкі попыт перавысіў даваенны як у паслугах, так і ў таварах.

«Цалкам верагодна, што беларуская эканоміка ўваходзіць у стан перагрэву ва ўмовах незавершанай адаптацыі да працы ў санкцыйным асяроддзі і штучна прыгнечанай інфляцыі», – мяркуюць у BEROC.

Паводле эканамістаў, індыкатарам перагрэву можа быць далейшая дынаміка інфляцыі ў нерэгулюемых паслугах, якая ў апошнія месяцы прыкметна перавышала 10% месяц да месяца. На іх думку, па выніках паўгоддзя рост ВУП складзе 1,5-2% год да году і можа перавысіць красавіцкі прагноз 2,5% па выніках 2023 года, «аднак коштам большага, чым чакалася, разбалансавання попыту і прапановы».

У BEROC адзначаюць, што праінфляцыйны ўплыў узрослага спажывецкага попыту стрымліваецца ў таварным сегменце часовымі фактарамі: дзеяннем пастановы № 713 і/або настройкай ланцужкоў паставак тавараў у краіну.

«Разам з тым нельга выключаць, што паскораная інфляцыя ў паслугах з’яўляецца кампенсаторнай і тлумачыцца выраўноўваннем адносных коштаў: увесну 2022 года тавары падаражэлі прыкметна больш за паслугі», – кажуць эканамісты.

Паводле іх, дасягненне планавага росту ВУП патрабуе маштабных стымулаў для эканомікі, што фармуюць цэнавы ціск, які стрымліваецца дзяржрэгуляваннем.

«Усё гэта адбываецца на фоне незавершанай адаптацыі эканомікі да функцыянавання ў новых умовах, і стрымліванне інфляцыі можа тармазіць гэты працэс. І ўзмацненне жорсткасці эканамічнай палітыкі, і выхад з жорсткага цэнавага рэгулявання могуць суправаджацца моцным шокам для эканомікі», – заяўляюць у BEROC.

Пры гэтым, на думку эканамістаў, «як зацягванне гэтых працэсаў будзе весці да назапашвання дысбалансаў».

Разбор
Інфляцыя, дэвальвацыя, дэфіцыт. Эканамістка назвала рызыкі росту гатоўкі на руках у беларусаў
2023.06.21 10:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў