Выкуп ад палітычнага пераследу і кампенсацыі эканамічных злачынстваў: ці згаджацца плаціць?


У Беларусі існуе легальны спосаб адкупіцца ад турмы, але яго прапаноўваюць далёка не ўсім, а сумы наўрад ці стасуюцца з законам. Прапановы сілавікоў адкупіцца ад палітычнага пераследу за фінансаванне экстрэмістаў – зусім па-за законам. Часам згода плаціць можа прынесці непрыемныя неспадзяванкі.

Уголовный кодекс и Конституция Республики Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крымінальны кодэкс і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
Фота: Белсат

Выкуп для бізнесоўцаў – законны

Беларускі Крымінальны кодэкс мае артыкул 88-1: «Вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў звязку з добраахвотнаю кампенсацыяй шкоды, сплатаю даходу, атрыманага злачынным шляхам». Суму кампенсацыі трэба плаціць на дэпазіт органу, які вядзе крымінальны працэс. Куды далей трэба перадаваць грошы, Крымінальны кодэкс не вызначае.

У каментары «Белсату» бізнесовец і блогер Аляксандр Кныровіч, расказвае: да таго як каля 15 гадоў таму ў заканадаўстве з’явіўся адпаведны артыкул, затрыманы прадпрымальнік і следчы «супраціўляліся да канца». Следчы тады мусіў пасадзіць, затрыманы – адбіцца, але пагадзіцца на нешта сярэдняе яны не маглі.

Пасля з’яўлення артыкулу стала магчыма на стадыі следства прызнаць віну, пагадзіцца з сумаю шкоды, заплаціць грошы і падаць прашэнне аб памілаванні. Калі памілаванне дадуць, тлумачыць Кныровіч, справу закрыюць і спішуць у архіў, а ў затрыманага не будзе судзімасці.

Пад гэты артыкул падпадаюць, згодна з фармулёўкай у заканадаўстве, цяжкія ці асабліва цяжкія злачынствы са шкодай уласнасці дзяржавы ці юрыдычнай асобе з дзяржаўнаю доляй або з істотнаю шкодаю дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам, але без замаху на жыццё і здароўе чалавека.

Ці працуе гэта?

Артыкул працуе для толькі адносна вузкага кола абвінавачванняў, але, як прыгадвае Кныровіч, у першы год існавання праз яго прайшлі больш за 60 чалавек. На ягоную думку, калі згадваюць пра нейкі спосаб выйсці на волю, сплаціўшы дзяржаве грошы, кажуць менавіта пра гэты артыкул:

«Я не ведаю выпадкаў, калі б чалавек падпісаўся на гэтыя ўмовы, сплаціў і не было б у выніку падпісанае памілаванне. І я не ведаю выпадкаў, калі б чалавека падманулі паводле гэтага артыкулу».

Ды прапаноўваюць такое выйсце далёка не ўсім. Сам Кныровіч правёў у няволі 4,5 года. Яго вінавацілі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры ды ў даванні хабару (ён не адмаўляе: хабары даваў, бо выбару не было).  Аляксандру не прапаноўвалі заплаціць кампенсацыі: Аляксандр Лукашэнка на наступны дзень па затрыманні публічна патрабаваў не даваць яму такой магчымасці.

«Я 11 месяцаў праседзеў без пацверджання абвінавачання, без нейкіх сумаў, без вынікаў праверкі, якая пацвярджае наяўнасць парушэнняў, і сама сума ў мяне з’явілася толькі тады, калі суд пачаўся, – заўважае Кныровіч. – То бок у мяне не было шанцаў прайсці нейкаю такою дарогаю».

Нармальная практыка, рэзюмуе бізнесовец, – гэта калі пасля некалькіх першых допытаў, прыблізна праз тыдзень, затрыманаму прапаноўваюць скампенсаваць шкоду, а пазней пачынаецца працэс вызначэння сумы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Як мог бы выглядаць чэк ад КДБ за выкуп ад палітычнага пераследу. Калаж: Белсат

Колькі плаціць?

«З гледзішча сілавікоў, была нейкая несправядлівасць у тым, што чалавек скраў 100 рублёў, вярнуў дзяржаве 100 рублёў – і апынуўся на волі, – кажа Кныровіч пра ўвядзенне практыкі выкупаў. – Вельмі хутка паўстала пытанне пра нейкі каэфіцыент».

Арт. 88-1 КК РБ прадугледжвае кампенсацыю 100 % шкоды пры злачынствах супраць парадку вядзення эканамічнай дзейнасці і двухразовую кампенсацыю ў астатніх выпадках, якія падпадаюць пад артыкул. Ды Кныровіч кажа, што сілавікі ўжывалі памер кампенсацыі ад 150 % да 500 % шкоды, уручную і не паводле законаў вызначаючы гэты памер.

Бізнесовец згадвае выпадак вядомага прадпрымальніка, імя якога не хоча называць. Той у СІЗА падпісаў згоду на кампенсацыю шкоды, бо думаў, што яе налічаць «тысячаў трыста» долараў – і палічыў, што паўтара мільёна будуць нармальнаю цаною вызвалення.

«Чалавеку выкацілі 3 мільёны шкоды і 15 мільёнаў кампенсацыі шкоды, – працягвае Аляксандр. – Ён частку сплаціў, а частку, думаю, дагэтуль кампенсуе, бо рэальнасць не супала з чаканнямі. Вось так выглядае ўзаконены рэкет».

Ёсць выпадкі, тлумачыць Кныровіч, калі пачынаюць крымінальную справу пасля выяўлення злачынства, ужо маючы на руках нейкія звесткі праверкі, дзе прапісаныя гэтыя лічбы. Але часцей за ўсё гэта сінхронныя працэсы: затрыманне чалавека, выстаўленне абвінавачання, разлік стратаў праз праверку дзейнасці… Ён перакананы, што вядомых бізнесоўцаў доўга трымалі ў следчым ізалятары, бо ў гэты час следчыя вялі падлікі – іншых прычынаў іх трымаць не было.

Кныровіч прыгадвае і чуткі пра «закулісныя дамовы»: хтосьці стаўся спонсарам нейкай кампаніі ці спартовага клубу і праз гэта пазбег крымінальнага пераследу. Але пацверджанняў такіх чутак бізнесовец не мае.

Hавiны
КДБ патрабуе выкуп за ахвяраванні фондам салідарнасці? Спыталі «BYSOL», як могуць вылічыць і што рабіць
2023.02.13 20:13

Гэты шлях не для палітычных, але з палітычных усё роўна просяць выкупы

Апошнім часам сталі з’яўляцца сведчанні, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі прапаноўвае заплаціць выкуп беларусам, якія ахвяравалі грошы фондам салідарнасці «BYSOL» і «BY_help», а таксама супольнасці былых сілавікоў «ByPol».

Кіраўнік ініцыятывы «BY_help» і сузаснавальнік фонду «BYSOL» Аляксей Лявончык кажа «Белсату», што выкуп паводле арт. 88-1 КК РБ не датычыць палітычных артыкулаў. Гэта не прапісана ў артыкуле наўпрост, але вынікае з апісання выпадкаў, да якіх артыкул падыходзіць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак КДБ у Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

З вялікаю нацяжкаю кампенсацыі за ахвяраванні фондам можна было б падагнаць пад артыкул 88 без 1 («Вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў звязку з дзейсным раскаяннем»), але сілавікі і дзяржаўныя медыі не згадваюць ні гэтага варыянту, ні арт. 88-1, калі кажуць пра выкупы за данаты.

Лявончык адзначае і тое, што ў час, калі людзі рабілі ахвяраванні, за якія цяпер выклікаюць у КДБ, фонды не былі названыя экстрэмісцкімі фармаваннямі, а закон не мае зваротнай сілы. Што праўда, у чэрвені 2021 года набылі моц змены ў Крымінальны кодэкс, якія дазвалялі караць за фінансаванне не толькі экстрэмісцкага фармавання, але і экстрэмісцкай дзейнасці, ды нават у гэтым выпадку сілавікам трэба было б даказаць, што абвінавачваны ведаў пра злачынныя намеры таго, каму дае грошы.

«Тут яны двойчы парушаюць уласныя прынцыпы: па-першае, надаюць закону зваротную сілу, а па-другое, ужываюць для нейкіх міфічных «палітычных злачынстваў» механізм, створаны для эканамічных злачынстваў», – кажа Лявончык пра «выкупы за данаты» і настойвае, што выраз «палітычнае злачынства» мусіць быць выключна ў двукоссі.

Выкуп за ахвяраванне не абароніць ад пераследу

Лявончык падкрэслівае, што для палітычных у Беларусі няма гарантыяў. Нават калі затрыманы напіша прызнанне, сплаціць сілавікам, як патрабуюць, у 10 разоў больш за ахвяраванне фонду, пасадзіць усё роўна могуць. Як надалі закону зваротную сілу, так могуць і распачаць крымінальную справу, нягледзячы на «паперку» з абяцаннем так не рабіць.

Нядаўна Лявончык пісаў у Facebook рэкамендацыі тым, каго могуць затрымаць за пераводы праз Facebook у «падазроны» час: сілавікі не ведаюць, быў перавод у фонды салідарнасці ці на іншыя мэты, а ведаюць толькі, што з беларускай карткі грошы ішлі ў Facebook.

Сцісла – парады такія. Выдаліць свой акаўнт у Facebook, калі вы застаяцеся ў Беларусі і рабілі нейкія плацяжы праз Facebook падчас пратэстаў пасля выбараў-2020. Калі ад выдалення да выкліку ў КДБ мінула менш за 30 дзён (час, цягам якога Facebook дае магчымасць аднавіць акаўнт), выдаліць мабільную праграму Facebook з тэлефона і казаць сілавікам, што пароль забылі. Калі «прэсуюць» і патрабуюць прызнання, настойваць, што не памятаеце, куды рабілі данат: «Гэта ж было тры гады таму, я данаціў на коцікаў і наагул рэкламу купляў».

Лявончык згадвае: чытачка «Нашай Нівы» расказвала, што так і рабіла, ад яе нічога не дабіліся і адпусцілі. КДБ, дадае ён, не ГУБАЗіК, і «прэсаваць» там будуць параўнальна «інтэлігентна».

«Не хадзіць – гэта зразумела, але ў нас могуць прыйсці і забраць», – кажа Аляксей пра выклік у КДБ.

Плаціць ці не плаціць, калі няма выйсця? Лявончык не гатовы даваць пэўнага адказу: калі хочуць выбіць прызнанне, могуць кінуць у няволю як мінімум на 72 гадзіны, а калі здабылі прызнанне ў «фінансаванні экстрэмізму», то не адпусцяць, пакуль не заплаціць. З’язджаць за мяжу, калі выклікаюць у КДБ? І тут Лявончык не мае адказу: не ўсе ж могуць эміграваць.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў