У Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы заклікалі ўлады Беларусі не расстрэльваць Аляксандра Таратуты, якога суд прызнаў вінаватым у забойстве сына. Там асудзілі гэты вырак, піша выданне «Позірк».
Генеральны дакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ў пытанні касавання смяротнага пакарання Александар Ніколаскі заклікаў не выконваць смяротнага прысуду ў дачыненні Аляксандра Таратуты.
Прадстаўнік Паўночнай Македоніі «самым рашучым чынам» асудзіў вырак Менскага абласнога суда і пры гэтым выказаў «глыбокія спачуванні» ўсім пацярпелым ад учыненага Таратутам «жахлівага злачынства».
Ніколаскі нагадаў, што Беларусь застаецца адзінаю краінай у Еўропе, дзе забіваюць паводле судовых рашэнняў насуперак сусветнай тэндэнцыі касаваць смяротныя прысуды. Як адзначыў дакладчык, смяротная кара незваротная, наносіць удар па сутнасці чалавечай годнасці і ёй няма месца ні ў адным сучасным грамадстве.
48-гадовага Аляксандра Таратуту і ягоную 37-гадовую жонку Настассю прызналі вінаватымі ў катаванні і забойстве 3-гадовага сына. Суд прыгаварыў маці да 25 гадоў калоніі, а бацьку – да смяротнага пакарання.
Акрамя таго, завялі крымінальную справу супраць службоўцаў, якія, паводле Генеральнай пракуратуры, маглі перадухіліць забойства, але не зрабілі гэтага. Фігуранты справы пакуль невядомыя.
Сяргей Крот belsat.eu