Цагаль: У сектары Газа знаходзяцца 210 закладнікаў


Па дадзеных Арміі абароны Ізраілю (Цагаль) у закладніках у сектары Газа зараз знаходзяцца 210 чалавек. Аб гэтым 21 кастрычніка распавёў прэс-сакратар ізраільскай арміі Даніель Гагары, перадае CNN.

Баевікі «Хамас».
Фота: 7kanal.co.il

Пра гэта стала вядома на наступны дзень пасля таго, як «Хамас» вызваліў двух амерыканскіх закладнікаў – 59-гадовую Джудыт Раанан і ейную 17-гадовую дачку Наталі Раанан. Яны былі вызваленыя амаль праз два тыдні палону. Маці з дачкой жывуць у Чыкага, а ў дзень атакі на Ізраіль з боку баевікоў яны знаходзіліся ў гасцях у сваякоў у мясцовасці на поўдні Ізраілю.

Пасля іх вызвалення прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што ягоная краіна працягне працаваць над вяртаннем усіх закладнікаў.

«Двое нашых закладнікаў вярнуліся дадому. Мы не паслабім намаганняў па вяртанні ўсіх выкрадзеных і зніклых без вестак. Адначасова мы працягваем змагацца да пераможнага канца», – гаворыцца ў заяве Нэтаньягу, апублікаванай 20 кастрычніка ў сацсетках.

Аднак 21 кастрычніка газета The Wall Street Journal паведамляла, што перамовы з баевікамі «Хамас» аб вызваленні 50 закладнікаў, якія вядуць ЗША, Ізраіль і Катар, праваліліся. «Хамас» заявіў, што адданы рашэнню вызваліць закладнікаў, калі дазволяць акалічнасці.

Раней дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен адзначаў, што «Хамас» дасюль утрымлівае прыблізна 200 закладнікаў, сярод якіх – дзеці і людзі сталага веку. Невядомы лёс 10 амерыканскіх грамадзянаў, зніклых пасля нападу баевікоў, канстатаваў дыпламат. Пакуль жа ЗША і краіны ЕЗ угаворваюць Ізраіль адкласці наземную аперацыю ў Газе дзеля перамоваў пра вызваленне закладнікаў, якіх утрымлівае «Хамас».

Hавiны
«Bloomberg»: ЗША і ЕЗ угаворваюць Ізраіль адкласці наземную аперацыю ў Газе з увагі на закладнікаў
2023.10.21 10:53

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў