Польшча 4 верасня аднавіла прыём дакументаў на турыстычныя візы, што не выдаваліся з часоў пандэміі. Цяпер беларусы могуць звярнуцца ў любы з 8 візавых цэнтраў і паспрабаваць атрымаць польскую шэнгенскую візу. Мы праверылі, ці можна запісацца без пасярэднікаў, даведаліся, колькі каштуюць паслугі фірмаў, што абяцаюць дапамогу з запісам у ВЦ, і ці шмат адмоваў. У некаторых фірмах нам параілі падавацца на італьянскую ці вугорскую візу, а не на польскую, калі мы хочам гарантавана атрымаць шэнген і не сапсаваць сабе візавай гісторыі.
Спачатку мы паспрабавалі зарэгістравацца на самастойную падачу дакументаў на польскую турыстычную візу праз візавы цэнтр. Сёння ў Беларусі працуюць 8 такіх цэнтраў: у Менску, Магілёве, Горадні, Гомлі, Берасці, Баранавічах, Пінску, Лідзе.
Адзіны нумар тэлефону, указаны на сайце кампаніі «VFS Global», якая называе сябе «афіцыйным партнёрам Амбасады Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь» і праз якую вядзецца запіс у візавыя цэнтры, не адказвае. Каб выбраць сабе слот на візіт у візавы цэнтр, трэба завесці на сайце асабовы кабінет. Потым трэба ўказаць, у якім горадзе вы хацелі б падавацца, а таксама тып візы – шэнгенская ці нацыянальная. Станам на другую палову дня 20 верасня ў нас атрымалася знайсці толькі адзін вольны слот – на студэнцкую візу на 26 верасня.
Інфармацыі пра тое, калі з’яўляюцца слоты, нідзе няма. У «Тэлеграме» з’явіліся адмысловыя чаты, прысвечаныя запісу на візы, якія так і называюцца – «Лоўля датаў на візы». Іх удзельнікі пішуць, што трэба ўвесь час маніторыць наяўнасць датаў і што з’яўляюцца яны рандомна. І, як вынікае з паведамленняў, не часта. Напрыклад, вольныя слоты на польскія працоўныя візы былі толькі на мінулым тыдні.
У той жа час, нельга сказаць, што запісацца самастойна абсалютна немагчыма. Некаторыя ўдзельнікі чатаў распавядаюць, што ім пашчасціла злавіць даты.
Калі няма часу і магчымасці адсочваць вольныя слоты ў візавых цэнтрах, можна, як і раней, звярнуцца па паслугі да фірмаў-пасярэднікаў. Мы патэлефанавалі ў некалькі з тых, што працуюць у Менску. Толькі ў адной нам сказалі, што на Польшчу пакуль заявак не прымаюць, бо «ёсць складанасці з запісам, і колькі гэта працягнецца, невядома».
Яшчэ ў чатырох фірмах, з якімі мы паразмаўлялі, гатовыя прыняць дакументы на польскую візу хоць сёння, без папярэдняга запісу, але ніякіх гарантыяў не даюць.
Адзін з пасярэднікаў за запіс на падачу дакументаў у польскі візавы цэнтр, запаўненне анкеты і рэзервацыю гатэлю і квіткоў просіць 940 рублёў. Дадаткова аплачваецца консульскі збор 35 еўраў і 11 еўраў сэрвіснага збору. Ад консульскага збору вызваляюцца людзі з інваліднасцю. Фірма адразу просіць перадаплату – 50 %. Другая палова ўносіцца, калі заяўніку перадаюць пакет дакументаў для падачы ў візавы цэнтр.
Тэрмін разгляду дакументаў – 10 дзён. Фірма адзначае, што калі пашпарт новы, выдадзены цягам апошніх 6 месяцаў, і дакументы падаюцца ў Горадні, Лідзе, Берасці, Баранавічах ці Пінску, неабходна даць даведку з РАУСу аб замене пашпарта ці мець пры сабе арыгінал старога. Таксама патрэбная даведка пра заробак за 3 месяцы. Калі заяўнік працуе менш, чым тры месяцы, трэба даць выпіску з банку з сумай на рахунку, не меншай за 300 долараў. Для дзяцей абавязковыя даведкі са школы ці дзіцячага садка.
Акрамя таго, для дзяцей патрэбны натарыяльна завераны дазвол на выезд аднаго з бацькоў ці прысутнасць пры падачы абодвух бацькоў. У Гарадзенскай і Берасцейскай вобласцях дазвол патрэбны ад абодвух бацькоў, нават калі яны абодва прысутнічаюць пры падачы. Таксама патрабуюцца фінансавыя гарантыі ад бацькоў.
Фірма папярэджвае, што не нясе адказнасці за адмову ў выдачы візы і грошы ў выпадку адмовы не вяртаюцца.
Адмоваў у польскіх турыстычных візах сапраўды стае. Пра гэта распавядаюць як удзельнікі чатаў, так і працаўнікі фірмаў-пасярэднікаў.
«Падаваліся ў Магілёве 11 верасня. Польская, турызм. Прыйшла адмова. Бронь аўтобуса і гатэлю цалкам аплачаная на 4 дні. Прыкладвала даведку з працы, рух на рахунку, які пацвярджаў, што броні з маёй карткі. Страхоўка на 90 дзён. Таксама прыкладвала ксеракопію папярэдняй візы, была польская, турызм 3 гады, скончылася ў 2022 годзе. Запытвала на 5 гадоў», – распавяла беларуска ў чаце «Лоўля датаў на візы».
А ў адной з фірмаў у нас адразу запыталі пра візавую гісторыю – якія былі візы цягам апошніх трох гадоў, якая была апошняя і на які час выдадзеная.
«Калі ў вас былі гадавыя візы і добрая візавая гісторыя, раім лепш разгледзець для атрымання наступнай Італію ці Вугоршчыну, бо Польшча цяпер дае аднаразовыя, – сказалі нам у фірме. – Запіс на Італію цяпер на другую палову кастрычніка – лістапад. За апошні год не было ніводнай адмовы. А ад Польшчы з 4 верасня ідуць ці аднаразовыя візы, ці адмовы. Мультывізаў, з нашай практыкі, Польшча пакуль не дае, толькі пад паездку, на 10-15 дзён. Таму, калі не хочаце сапсаваць візавай гісторыі, прасіце італьянскі шэнген».
Калі ж неабходная менавіта польская віза, то для яе трэба паказаць рэзервацыю гатэлю. Кошт паслугаў гэтай фірмы пры запісе ў польскі візавы цэнтр – 890 рублёў. Таксама трэба будзе заплаціць консульскі збор – 35 еўраў. Запісваюць у любы горад, дзе ёсць цэнтр.
Дапамога ў атрыманні італьянскага шэнгену ў гэтай фірме каштуе 790 рублёў. Консульскі збор – 35 еўраў, сэрвісны – 14. Перадаплата фірме – 50 %. З дакументаў, акрамя пашпарту, патрэбныя даведка аб заробку і выпіска з банку.
Яшчэ адная магчымасць атрымаць шэнгенскую візу – падаць дакументы ў іспанскі візавы цэнтр, які зноў працуе ў Менску з гэтага чэрвеня. Аднак і тут з самастойнай падачай не ўсё проста. Мы паспрабавалі запісацца праз сайт цэнтру. Сістэма паказвае тры вольныя даты – 20, 21 і 22 верасня, аднак яны неактыўныя. Калі на іх націскаеш, нічога не адбываецца. На нумары тэлефону іспанскага візавага цэнтру ніхто не адказвае.
15 верасня МЗС Польшчы апублікавала заяву, у якой гаворыцца пра намер «разарваць кантракты з усімі аўтсорсінгавымі кампаніямі, якім з 2011 года даручана працаваць з візавымі анкетамі». Такая пастанова прынятая праз выпадкі карупцыі і шматлікія парушэнні ў працэсе выдачы візаў.
Паводле выдання «Gazeta Wyborcza», правяранне, датычнае выдачы візаў, што распачалося ў польскім МЗС, звязанае з «міжнародным расследаваннем дзейнасці індыйскай кампаніі «VFS Global» – пасярэдніка ў атрыманні візаў. Карпарацыя «VFS Global» аказвае пасярэдніцкія паслугі ў атрыманні візаў у 70 краінах, у тым ліку ў Беларусі. «Gazeta Wyborcza» піша, што «на практыцы падаць заяву ў абыход гэтай кампаніі практычна немагчыма, паколькі карпарацыя стварыла манаполію на паслугі ў падачы дакументаў на візы».
Пакуль невядома, ці закране пастанова МЗС Польшчы візавыя цэнтры «VFS Global» у Беларусі. «Белсат» напісаў ліст у МЗС Польшчы, у якім спытаў, як намер скасаваць дамовы з кампаніямі-пасярэднікамі ў выдачы візаў адаб’ецца на беларусах. Як толькі мы атрымаем адказ, адразу паведамім на нашым сайце.
Паводле Еўракамісіі, грамадзяне Беларусі ў 2022 годзе падалі 120 893 заяўкі на шэнгенскія візы, а атрымалі 118 523 візы, з якіх 99 525 візаў былі шматразовыя. Адмову атрымалі на 2292 заяўкі – 1,9 % ад пададзеных.
Найбольш заявак падалі і найбольш візаў атрымалі ў амбасадах Італіі ды Нямеччыны, найменш – у амбасадзе Чэхіі. А найменш адмаўляла Літва.
Ганна Ганчар belsat.eu