«Белсат» папрасіў гісторыкаў прааналізаваць, што цяпер у беларускай дзяржаве мяняецца ў ідэалогіі адносна памяці пра Другую сусветную і Вялікую Айчынную вайну.
22 чэрвеня 1941 года нацысцкая Нямеччына напала на Савецкі Саюз – пачалася Вялікая Айчынная вайна, усходнееўрапейская частка Другой сусветнай вайны, што ішла на той момант два гады. У Беларусі на гісторыю тых войнаў нядаўна сталі глядзець па-новаму. Сёлета дзяржаўным святам зрабілі дзень нападу СССР на Польшчу, узгоднены з нацыстамі ў межах пакту Молатава – Рыбэнтропа, па выніку якога большасць беларусаў уз’ядналася ў адной рэспубліцы – БССР. Палітычную апазіцыю цяпер нярэдка называюць фашыстамі, а нацыянальны сцяг – фашысцкім.
Ці радыкальна мяняецца погляд беларускай дзяржаўнай ідэалогіі на тыя войны, казаць яшчэ рана, разважае гісторык, доктар Аляксандр Фрыдман. Калі «пройдзе ўвесь цыкл» і калі дзяржава адзначыць «Дзень народнага адзінства» 17 верасня, тады можна будзе ацэньваць увесь маштаб зменаў. Але прынцыповыя змены назіраюцца ўжо цяпер.
«Пасля жнівеньскіх падзеяў мінулага года беларускія ўлады выпрацоўваюць, як мне падаецца, стара-новы наратыў Другой сусветнай вайны, – разважае Фрыдман. – Стары, бо па сутнасці сваёй ён савецкі – нават больш савецкі, чым быў да 2020 года. Але новы ён у тым сэнсе, што яго спрабуюць адаптаваць да сённяшняй палітычнай рэчаіснасці. Глядзяць на вайну сучаснымі вачыма і жадаюць выкарыстаць ваенную эпоху ў палітычных мэтах».
З гісторыяй як навукай гэтыя змены не звязаныя, лічыць Фрыдман: гэта інструменталізацыя гістарычных падзеяў у палітычных мэтах. Афіцыйная прапаганда амаль выкрэслівае такія моманты, як пакт Молатава – Рыбэнтропа ці сталінскія рэпрэсіі на Заходняй Беларусі, становіцца «неасталінісцкай». Планаваны «Дзень народнага адзінства» – хоць перадусім выразна антыпольскі, але пры тым і з’яўляецца першай у посткамуністычнай Еўропе спробай зрабіць свята з падзеі жахлівага сталінскага перыяду.
У гэткі неасталінізм цалкам упісваецца тое, што «ўсе пратэсты інспіраваныя звонку», нармальна ўпісваецца сітуацыя са зняволеным журналістам Раманам Пратасевічам, разважае гісторык. Да ранейшага лукашэнкаўскага наратыву асабліва не пасавала тэма калабарацыянізму беларусаў з нацыстамі, а пасля 2020 года і паўсюднага выкарыстання бел-чырвона-белага сцяга «рэзка спатрэбілася» – цяпер прапагандысты даводзяць, што раней тэмай беларускай калабарацыі з нацыстамі нібыта ніхто не займаўся ці мала займаўся, хоць даследаванняў было дастаткова, асабліва за мяжой.
Ды гэтыя змены ў ідэалогіі і стаўленні да гісторыі хаатычныя, адзначае Фрыдман: ён мяркуе, што выпрацаванай канцэпцыі няма, «проста рэагуюць на нейкія падзеі».
«Іх супярэчлівая гісторыя вайны не цікавіць. Іх цікавяць канкрэтныя моманты, якія можна «вычапіць» і выкарыстаць у палітычных мэтах», – кажа гісторык і згадвае стаўленне ўладаў да Галакосту: часцей за ўсё замоўчваюць тое, што быў мэтанакіраваны генацыд габрэяў, і кажуць агулам пра генацыд беларускага народу, але зрэдку, калі гэта трэба, прыгадваюць.
Доктар гісторыі Алена Маркава мяркуе, што за перыяд кіравання Лукашэнкі ў «кульце Другой сусветнай» нічога прынцыпова не змянілася: ёсць хіба нязначныя ваганні. Поўнага перапісвання гісторыі не назіраецца, толькі выхопліванне асобных тэмаў, але згодна двум кірункам, якія часта перасякаюцца.
Па-першае, дзяржаўная ідэалогія і прапаганда атрымалі цяпер новы імпульс, мусяць неяк рэагаваць на пратэсты і масавае адраджэнне нацыянальнай сімволікі, тлумачыць яна:
«Прапаганда ў рэакцыі на гэта спрабуе проціпаставіць штосьці новай нацыянальнай ідэнтычнасці, якая з’явілася на хвалі пратэстаў, – кажа Маркава. – Ужо нельга гэта ігнараваць, гэта занадта масавая з’ява. І рэакцыя наступная: у вас пратэсты і разлад – у нас мір і суцэльнае адзінства».
У такую агульную рыторыку ўпісваюцца агульнадзяржаўная малітва за мір, «Дзень народнага адзінства» і «правераны савецкі варыянт – мы за мір», тлумачыць яна. Пад тэму еднасці падыходзіць і дата, на якую прызначылі «Дзень народнага адзінства», а тое, як тады далучалі землі, ужо сціпла замоўчваюць.
Па-другое, адначасова з гэтым працягваецца дыскрэдытацыя нацыянальнай сімволікі, якая да пратэстаў не так шырока выкарыстоўвалася, а зараз выкарыстоўваецца масава. Патрэба дыскрэдытаваць сімволіку спалучаецца з новай ідэалагічнай замовай «прапанаваць адзінства й мір» лепш за ўсё якраз у тэме Другой сусветнай вайны: «гэта не мы фашысты, гэта вы фашысты».
Гісторык Ігар Мельнікаў выдаў сёлета 21 чэрвеня кнігу «Чэрвень 1941-га. Спыніць на «старой» мяжы». Гэта працяг цыклю пра «рыжскую мяжу», у якім раней выйшлі кнігі «Верасень 1939-га. Магілы «неаб’яўленай» вайны» і «На «мяжы цывілізацый». Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі».
Ён кажа «Белсату»: тэма заўсёды была актуальнай у Беларусі, і заўсёды ўлада рабіла акцэнт на Вялікую Айчынную вайну. Ды ён заклікае не прыніжаць праз гэта значэнне гэтай часткі Другой сусветнай: сапраўды вялікія і значныя баі адбываліся на ўсходзе Еўропы, вялікі ўнёсак у перамогу зрабілі жаўнеры савецкага войска.
Сітуацыя з вывучэннем гісторыі тых войнаў вельмі кепская, кажа Мельнікаў. За часоў незалежнай Беларусі акцэнт на гэтай тэме рабіўся нібыта вялікі – ды вучні цяпер не ведаюць, якія бітвы былі на беларускай зямлі і хто камандаваў беларускімі франтамі, якая вайна пачалася ў 1939 годзе і як зачапіла іх продкаў. Ідэалогія не стварыла нацыянальнага погляду на гэтыя падзеі – чым яны былі для беларусаў. Цяпер з падачы Расеі ідзе яшчэ большы ўхіл на савецкі погляд. Гісторык лічыць, што бракуе разумення і таго, што вайна – гэта не толькі гераізм, але і трагедыя.
У тым, што «Дзень народнага адзінства» прызначылі на 17 верасня, Мельнікаў бачыць як мінусы, так і плюс. Мінусы відавочныя: гэта ўдар па замежнай палітыцы і стасунках з Польшчай, і без таго кепскіх. Але гэты дзень прынамсі як інфанагода дасць беларусам штуршок задумацца пра дату, пашукаць звесткі і зрабіць уласную выснову. Хтосьці будзе нават памятаць успаміны бабуль і дзядуляў з Заходняй Беларусі – як адны сустракалі Чырвоную Армію яблыкамі і кветкамі, а другія адправіліся потым у ГУЛаг.
«Нягледзячы на тое, што беларусы аб’ядналіся ў межах Савецкага Саюзу, без гэтага аб’яднання ў Беларусі было вельмі мала перспектываў. Захад паланізаваўся, усход русіфікаваўся, у БССР былі перспектывы стаць вобласцямі РСФСР, – разважае Мельнікаў. – Аб’яднанне адбылося, але якое аб’яднанне? У сваёй кнізе я паказваю, што беларуска-беларуская мяжа фактычна працягвала існаваць, бо для саветаў заходнія вобласці былі чужымі, якія яшчэ трэба было саветызаваць».
Гісторык заклікае аналізаваць і паказваць таксама тое, да чаго прывяла непісьменнасць вайсковага кіраўніцтва таго часу. Ён прыводзіць прыклад: праз тыдзень пасля нападу нацыстаў кіраўніцтва Заходняга фронту выдавала загад контратакаваць і ўзяць Ракаў – калі немцы былі ўжо ў Менску і Бабруйску. Тактыка, накіраваная на атаку, а не абарону, і прыводзіла да вялікіх стратаў.
АА belsat.eu