Да бацькі Дзяніса Урбановіча, які цяпер ваюе ва Украіне ў складзе Палка Каліноўскага, прыйшлі сілавікі і запісалі з ім відэа, у якім прымусілі заклікаць сына вярнуцца ў Беларусь. Відэа выклаў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў.
На відэа пажылы мужчына звяртаецца да сына, каб той капітуляваў і ехаў дамоў у Беларусь:
«Адсядзіш дзясятку якую, ну і чорт з ім, затое будзеш жыць на радзіме».
У гэтым жа телеграм-канале сцвярджаецца, што на Дзяніса Урбановіча заведзеная крымінальная справа за сяброўства ў «Маладым Фронце», які беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваннем.
Дзянісу Урбановічу 34 гады. Ён быў чацвёртым старшынём «Маладога Фронту». Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года зняў дзяржаўны сцяг з будынка выбарчага ўчастку ў вёсцы Кораньшчына. Да 29 жніўня 2017 года адбываў пакаранне на «хіміі». У 2018 годзе ўдзельнічаў у абароне Курапатаў. У 2022 годзе пасля ўварвання Расеі ва Украіну паехаў на фронт. Быў тройчы паранены.
Марыя Міхалевіч belsat.eu