Увечары 19 кастрычніка ў фотакарэспандэнта «Новага Часу» Дзмітрыя Дзмітрыева прайшоў ператрус. Фатографа затрымліваць не сталі, але сілавікі забралі ўсю тэхніку.
Як паведамляе выданне, падставай для ператрусу стала справа аб пагрозах намесніку начальніка Савецкага РУУС. Год таму падчас чарговых «содняў» Дзмітрыя па ёй дапытваў КДБ.
Да 2012 года Дзмітрыеў працаваў у міліцыі, а потым звольніўся і пачаў працаваць як фатограф. У 2020 годзе яго неаднаразова затрымлівалі падчас працы фотакарэспандэнтам на акцыях пратэсту ў Менску.
Так, у лістападзе 2020-га за сваю працу фатографа на акцыі пратэсту Дзмітрыеў быў затрыманы разам з яшчэ двума калегамі і атрымаў 10 содняў адміністрацыйнага арышту. На пачатку жніўня гэтага года сілавікі прыйшлі для «агляду» дамоў да фатографа. Пазней жонка Дзмітрыева паведаміла, што журналіста забралі на допыт у Следчы камітэт. Тады Дзмітрыеў быў асуджаны на 15 содняў паводле абвінавачвання ў супраціве супрацоўнікам міліцыі.
АД, belsat.eu