Здымак з Марыупалю стаў фатаграфіяй года паводле версіі «World Press Photo»


Здымак фатографа Яўгена Малалеткі, які задакументаваў, як параненую цяжарную жанчыну эвакуююць з марыупальскай радзільні, прызналі фатаграфіяй 2022 года паводле версіі міжнароднага фотаконкурсу «World Press Photo». 

Параненую цяжарную Ірыну Калініну вывозяць з радзільні ў Марыупалі, што трапіла пад абстрэл расейскай авіяцыі. Ірынін сын, якога назвалі Міронам (ад слова «мір»), нарадзіўся мёртвым, а праз паўгадзіны памерла і Ірына. У справаздачы АБСЕ зробленая выснова, што больніца стала наўмысным аб’ектам нападу Расеі, у выніку якога трое асобаў загінулі і каля сямнаццаці пацярпелі.
Фота: Evgeniy Maloletka

Украінскі фатограф «Associated Press» Яўген Малалетка быў адным з нямногіх карэспандэнтаў, якія фіксавалі падзеі ў Марыупалі з 24 лютага 2022 года. Разам з калегам Мсціславам Чарновым яны прыехалі ў Марыупаль за гадзіну да поўнамаштабнага ўварвання і правялі ў блакадным горадзе 20 дзён, дзе жылі з санітарамі ў падвалах шпіталя і з простымі грамадзянамі ў сховішчах, каб дакументаваць злачынствы Расеі супраць украінскага народу. Журы «World Press Photo» адзначыла ваенную серыю здымкаў фатографа.

З 2014 года Малалетка асвятляе вайну ва Украіне. Ён таксама асвятляў Еўрамайдан, пратэсты ў Беларусі, вайну ў Нагорным Карабаху і пандэмію COVID-19 ва Украіне.

Яўген Малалетка скончыў Кіеўскі політэхнічны інстытут у 2010 годзе. У 2009 годзе ён пачаў працаваць штатным фатографам ва ўкраінскіх СМІ, а пасля як фрылансер стаў супрацоўнічаць з такімі агенцтвамі, як «Associated Press», «Al Jazeera», «Der Spiegel» ды іншымі.

Ягоная праца падчас блакады Марыупалю ў 2022 годзе была адзначаная міжнароднымі журналісцкімі прэміямі: «Knight International Journalism Award», «Visa d’or News Award», «Prix Bayeux Calvados-Normandie». Ён таксама атрымаў узнагароды ад Італіі, Нямеччыны, Нарвегіі і ЗША.

Фота
Фотаконкурс «World Press Photo – 2023» абраў пераможцаў рэгіянальнага этапу
2023.04.09 11:30

Найлепшай серыяй леташніх здымкаў журы «World Press Photo» назвала працу «Кошт міру ў Афганістане» фатографа з Даніі Мэса Нісэна, які працуе ў штодзённай газеце «Politiken».

Узнагарода за доўгатэрміновы праект прызначаная фатографцы Ануш Бабаджаньян за серыю фотаздымкаў аб праблемах кіравання воднымі рэсурсамі ў Цэнтральнай Азіі.

Праца егіпецкага візуальнага сторытэлера Мэгэмэда Магдзі «Тут дзверы не ведаюць мяне» атрымала прэмію адкрытага фармату. Ўэб-праект дакументуе жыццё рыбацкай вёскі, што можа вось-вось знікнуць.

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў