Латушка: еўрапейскія палітыкі не трымаюць слова, а тэмы Беларусі для Германіі не існуе


Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў эфіры «Белсату» расказаў аб тым, як беларусы, якія знаходзяцца за межамі краіны, могуць паўплываць на санкцыйны ціск у адносінах да рэжыму Лукашэнкі.

Палітык адзначыў, што апошнім часам былі ўведзены новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Гэта ў асноўным нацыянальныя санкцыйныя інструменты. Так, паводле ягоных словаў, некалькі тыдняў таму чарговы пакет санкцыяў быў уведзены з боку ЗША, таксама ўвяла свае санкцыі Канада, зрабіўшы акцэнт на фінансавай сістэме рэжыму Лукашэнкі, нацыянальныя санкцыі ўводзіць Польшча.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца фота: zimamagazine.com

«Што ж тычыцца Еўрапейскага саюзу, на жаль, еўрапейскія палітыкі не трымаюць слова», – адзначыў палітык. Латушка згадаў, што на словах яны абяцалі ўводзіць санкцыі і за затрыманне на некалькі гадзін кіраўніцы еўрапейскай місіі ў Беларусі, і за прысуд Алесю Бяляцкаму, і за іншыя дзеянні беларускіх уладаў. Але, на жаль, некаторыя краіны ці, дакладней, лабісты гэтых краінаў, спрабуюць зрабіць усё, каб з санкцыйных пакетаў была выключана магчымасць пастаўкі калійных угнаенняў.

«Таму мы звяртаемся да беларусаў [з прапановай] узгадаць, як мы былі разам і вельмі актыўна дзейнічалі, дзякуючы менавіта грамадскаму руху 2020–2021 гадоў. Калі мы накіроўвалі масава звароты ў адпаведныя міжнародныя арганізацыі і інстытуты і дасягалі вынікаў», – заклікаў Павел Латушка.

У якасці ілюстрацыяў паспяховых супольных дзеянняў ён прывёў выпадкі, калі беларусам у 2021 годзе ўдалося дамагчыся адмены ўдзелу праўладных беларускіх выканаўцаў у конкурсе «Еўрабачанне» і чэмпіянату свету па хакею.

Палітык адзначыў, што на канале Народнага антыкрызіснага ўпраўлення можна знайсці спецыяльную форму з узорам ліста, які можна накіраваць у адрас разнастайных устаноў у Еўрапейскім звязе: Еўрапейскай камісіі, Еўрапейскай службы знешніх сувязяў і міністэрстваў замежных спраў розных краін. Гэта той крок, які можа зрабіць кожны паасобку або разам – падчас акцый, што праводзяцца па-за межамі Беларусі. Менавіта на іх, як лічыць палітык, можна прымаць адпаведныя заявы і накіроўваць у згаданыя ўстановы.

«Мы ведаем, што дэмакратыя працуе тады, калі чутны голас грамадства. Мы, беларускае грамадства за мяжой, маем гэтую магчымасць – бяспечна звяртацца да адпаведных палітычных уладных устаноў краінаў з прапановамі ўводзіць санкцыі», – падкрэсліў палітык.

Пры гэтым Павел Латушка адзначыў, што, праводзячы на днях сустрэчу ў Берліне, ён пераканаўся ў тым, што «тэмы Беларусі для Германіі не існуе, проста яе няма». Палітык падкрэсліў, што «яны забыліся пра Беларусь», і фокусу ўвагі да праблем нашай краіны цяпер не існуе. У гэтай сувязі, кажа палітык, калі нават час ад часу ёсць магчымасць данесці інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Беларусі, то гэтай магчымасцю неабходна карыстацца.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў