Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Расея перадала ва Украіну праект дакументу аб міры з «дакладнымі выпрацаванымі фармулёўкамі».
«Украінскаму боку ў рамках перагаворнага працэсу перададзены праект дакументу з выразнымі фармулёўкамі. Мяч на баку Кіева, Масква чакае рэакцыі», – паведаміў Пяскоў.
З ягоных словаў, Украіна нібыта не спяшаецца з адказам: «Іх праца далёка не найлепшая, яны не імкнуцца інтэнсіфікаваць працэс», – дадаў спікер Пуціна.
Пакуль дакладна не зразумела, пра які праект ідзе гаворка і калі ён быў перададзены.
Міхайла Падаляк, дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны, пракаментаваў выданню «Українська правда» заяву Пяскова так:
«Што да перамоўнага працэсу, то Украіна яшчэ ў рамках стамбульскага раўнду перадала боку апанентаў свае прапановы адносна формульных рашэнняў. У тым ліку адносна гарантый бяспекі як запэўнівання далейшых ненападаў на нашу краіну. Расейскі бок вывучыў прапановы і выказаў свае сустрэчныя пазіцыі. Далей − наша чарга вывучаць, параўноўваць, рабіць высновы. У тым ліку палітычна-юрыдычнага характару», − сказаў ён.
Днямі Міхайла Падаляк прызнаў, што перамовы з Расеяй фактычна замарожаныя. Аблога Марыупалю Расеяй яшчэ больш ускладніла перамовы паміж Кіевам і Масквой, таму складана сказаць, калі могуць аднавіцца непасрэдныя кантакты паміж бакамі.
АД belsat.eu