Улады Беларусі высылаюць польскіх дыпламатаў з Менску і Горадні


Лукашэнкаўскі рэжым пастанавіў выслаць польскіх дыпламатаў з Беларусі: афіцэра сувязі польскай Памежнай службы і двух консулаў. Пра гэта ў інтэрв’ю выданню «Onet» заявіў прэс-сакратар МЗС Лукаш Ясіна.

«Да вечара серады афіцэр сувязі польскай Памежнай службы пакіне Беларусь. Верагодна, будуць высланыя і два польскія консулы з Горадні», – пацвердзіў Лукаш Ясіна.

На пытанне пра магчымыя дзеянні польскіх уладаў у адказ прэс-сакратар заявіў, што пра іх будзе вядома, як толькі яны будуць прынятыя.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, цяпер у польскім урадзе адбываюцца кансультацыі адносна магчымага адказу на пастанову ўладаў Беларусі. Не выключаюць, што польскі ўрад таксама прыме рашэнне выправадзіць дыпламатаў Беларусі з тэрыторыі Польшчы.

Раней часоваму паверанаму ў справах Польшчы ў Беларусі Кшыштафу Ажанну ў беларускім МЗС заявілі, што беларускі бок не бачыць сэнсу далейшага перабывання на сваёй тэрыторыі афіцэра сувязі Памежнай службы Польшчы. Гэта стала адказам на закрыццё пункта пропуску «Баброўнікі» з польскага боку.

Польскага дыпламата выклікалі ў беларускае вонкавапалітычнае ведамства 17 лютага. Тады яму таксама паведамілі, што цяпер польскія перавознікі змогуць заязджаць на тэрыторыю Беларусі і пакідаць яе праз пункты пропуску выключна на беларуска-польскім участку мяжы. З раніцы 19 лютага ў чарзе на ўезд у Беларусь з Польшчы стаялі каля 1600 фураў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў