18 снежня Еўразвяз прыняў новы, 12-ы пакет санкцыяў супраць Расеі. У яго ўвайшла забарона на экспарт у Расею хімікатаў, станкоў, ліціевых батарэяў, рухавікоў для беспілотнікаў. Але для Беларусі гэтай забароны ў новым пакеце няма. Ці азначае гэта, што ў Беларусь еўрапейскія кампаніі могуць пастаўляць вышэй пералічаныя катэгорыі тавараў? Ці ёсць тут небяспека рээкспарту? За каментаром «Белсат» звярнуўся да прэсавага сакратара Еўрапейскай Камісіі Петэра Стано.
Па яго словах, 12-ы пакет якраз і скіраваны на тое, каб не дапусціць абыходу Расеяй еўрапейскіх санкцыяў.
«Гэта тое, да чаго мы вельмі ўважліва прыглядаемся, каб пераканацца, што нашы санкцыі эфектыўныя і іх не абыходзяць шляхам экспарту праз Беларусь ці якія-небудзь іншыя кампаніі. У гэтым 12-ым пакеце мы ўвялі санкцыі ў дачыненні да 29 суб’ектаў з іншых краін, якія дзейнічаюць як не расейскія арганізацыі і займаюцца абыходам санкцыяў Еўрапейскага звязу. Калі мы знойдзем доказы або прыкметы таго, што нешта падобнае адбываецца, то мы гатовыя рабіць далейшыя крокі», – адзначыў Петэр Стано.
Зараз ЕЗ вядзе падрыхтоўку новага пакету санкцыяў.
«Філасофія еўрапейскіх санкцыяў супраць Расеі заключаецца ў тым, каб рэагаваць на кожную эскалацыю з боку Расеі і пераканацца, што яна абмежаваная ў сваіх магчымасцях фінансаваць працяг агрэсіі супраць Украіны. Такім чынам, мы ўвесь час пераглядаем санкцыі і гатовыя прыняць іншыя меры, калі гэта неабходна. Для нас вельмі важна пераканацца, што ўсё рэалізавана правільна. Калі падчас рэалізацыі асобных пакетаў санкцыяў узнікаюць праблемы, мы карэктуем, наладжваем, закрываем шчыліны і гэтак далей. Так мы рабілі і гэтым разам. Гэта бесперапынны працэс, які ўвесь час пераглядаецца і карэктуецца для дасягнення мэтаў. А мэты палягаюць у тым, каб знішчыць расейскі ваенны патэнцыял, эканамічную і тэхналагічную базу, каб Расеі было больш складана працягваць сваю незаконную агрэсію супраць Украіны», – растлумачыў Петэр Стано.
У спісе фізічных асоб, на якіх распаўсюджваюцца новыя санкцыі, як мінімум 11 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. Сярод прычын, за якія беларускія чыноўнікі і вайскоўцы трапілі пад санкцыі, указваюцца павелічэнне паставак узбраення і вайсковай тэхнікі ў РФ, прасоўванне ваенна-тэхнічнай супрацы з Расеяй, падрыхтоўка мабілізаваных расейцаў на палігонах, перадача Расеі ўзбраення і вайсковай тэхнікі для вядзення вайны ва Украіне і інш.
Стано нагадаў, што Беларусь ужо знаходзіцца пад шэрагам санкцыяў ЕЗ.
«Так было і ў мінулым, мы ўжывалі санкцыі супраць людзей і арганізацыяў не толькі з Расеі, але і з Беларусі за іх удзел у незаконнай агрэсіі Расеі і яе падтрымку. У асноўным гэта людзі з арміі, абароннай прамысловасці або з бізнес-сферы, якія маюць цесныя сувязі з рэжымам. Важна тое, наколькі глыбока гэтыя людзі падтрымліваюць агрэсію расейскіх войскаў супраць Украіны. Гэтыя спісы асобаў зацвярджаюцца 27 дзяржавамі-членамі ЕЗ на аснове наяўных доказаў. Галоўны крытэр – мець дастаткова доказаў, каб мы маглі ўнесьці гэтых людзей у санкцыйны спіс за канкрэтныя дзеянні або заявы, якія яны робяць у падтрымку або дапамогу Расеі ў агрэсіі супраць Украіны», – падсумаваў Петэр Стано.
СП, belsat.eu