Падобна, Украіне дадуць амерыканскія самалёты «F-16». Вось што аб гэтым сведчыць


Злучаныя Штаты, хутчэй за ўсё, узброяць Украіну даволі сучаснымі самалётамі. Дамовы яшчэ няма, але ёсць шэраг сведчанняў таго, што рашэнне амаль прынятае. «Белсат» пераказвае, што вядома.

Знішчальнік F-16.
Фота: US Air Force

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн праінфармаваў саюзнікаў па «Вялікай сямёрцы» аб тым, што ягоная дзяржава падтрымае супольныя высілкі ў тым, каб трэнаваць украінскіх пілотаў на самалётах чацвёртага пакалення, у прыватнасці, «F-16», піша CNN са спасылкай на высокапастаўленых чыноўнікаў. Трэнаванне, імаверна, будзе праходзіць у Еўропе і можа пачацца ў бліжэйшыя тыдні.

Раней Байдэн казаў, што не лічыць «F-16» патрэбнымі Украіне. Але змена меркавання адбылася пасля перамоваў Байдэна з саюзнікамі па «Вялікай сямёрцы», расказалі чыноўнікі CNN. Таксама выданню паведамілі, што адміністрацыя Байдэна нядаўна «сігналізавала» еўрапейскім партнёрам, што дазволіць ім экспарт «F-16» ва Украіну.

Пра гэта піша не толькі CNN, але і іншыя медыі. Напрыклад, NBC паведамляе са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў, што ЗША і саюзнікі сапраўды збіраюцца паставіць «F-16» ва Украіну. Праўда, час і колькасць невядомыя, а самалёты наўрад ці возьмуць удзел у бліжэйшым планаваным наступе Украіны. Але пра рашэнне перадаць самалёты расказваюць як пра фактычна прынятае.

Папулярнае ў Вашынгтоне выданне «Politico» сцвярджае, што ў ЗША сенатары абедзвюх партыяў, Дэмакратычнай і Рэспубліканскай, ціснуць на міністра абароны, каб паслаць «F-16» ва Украіну. Аб гэтым сведчыць ліст васьмі сенатараў міністру, які атрымала выданне.

Як адзначае «Reuters», у час нядаўняй паездкі па Еўропе прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі атрымаў ад прэм’ер-міністраў Злучанага Каралеўства і Нідэрландаў абяцанні збудаваць «самалётную кааліцыю».

Гэта пацвердзіў і сам брытанскі прэм’ер: Рышы Сунак працытаваў твіт Зяленскага з падзякай Байдэну за падтрымку «самалётнай кааліцыі», вітаў рашэнне ЗША трэнаваць украінскіх пілотаў і дадаў карцінку з надпісам «F-16 для Украіны». Ён паабяцаў, што Злучанае Каралеўства будзе працаваць разам з ЗША, Нідэрландамі, Бельгіяй і Даніяй, каб даць Украіне тыя паветраныя сілы, што ёй трэба.

«F-16» – лёгкія самалёты-знішчальнікі, распрацаваныя ў 1970-х гадах. Цяпер існуюць самалёты і наступнага пятага пакалення, але «F-16» не лічацца зусім састарэлымі. Іх параўноўваюць з расейскімі самалётамі кшталту «Су-35С», якія Расея пачала эксплуатаваць толькі ў 2014 годзе.

Украіна даўно прасіла саюзнікаў паставіць самалёты – неба пакуль не кантралюе цалкам ні адзін з бакоў вайны ва Украіне. Як тлумачыць «Foreign Policy», сучасныя самалёты патрэбныя для ўзмацнення паветранай абароны і захавання жыцця цывільных, для падтрымкі сухапутных войскаў, для абароны «зерневага калідору» ў Чорным моры, для патэнцыйна карыснага Злучаным Штатам досведу наўпроставага бою амерыканскіх самалётаў з расейскімі і нарэшце – для прадухілення спробаў Расеі распачаць наступную спробу перамалёўваць межы Еўропы.

Украіна таксама доўгі час прасіла ў саюзнікаў сучасныя заходнія танкі – і іх пачалі пастаўляць у лютым 2023 года пасля доўгіх спрэчак, нават пагрозаў і віртуальных флэшмобаў.

Аналітыка
Еўрапейскае турнэ Зяленскага: што Захад паабяцаў Украіне напярэдадні контрнаступу
2023.05.17 18:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў