«У Афганістане адбывалася тое ж, што ў Бучы ды Ірпіні». Эксперт аналізуе тэрарыстычныя метады расейцаў


Ваенна-палітычны аглядальнік Юрый Фэдараў распавёў «Белсату» аб тактыцы Расейскай Федэрацыі ў вядзенні ваенных дзеянняў цягам апошніх трыццаці гадоў. Суразмоўца адзначыў, што расейскія войскі выкарыстоўваюць тэрарыстычныя метады не толькі ва Украіне, але карысталіся імі і ў Чачэніі, Сірыі ды Афганістане.

Ці былі ў Расейскай Федэрацыі ваенныя перамогі апошнія 20 гадоў?

Пачнём з афганскай вайны. СССР зазнаў паразу нягледзячы на тое, што 10 гадоў ішла вайна, у якой паводле сціплых падлікаў загінулі мільён афганцаў, а яшчэ пяць мільёнаў – вымушаныя былі бегчы і ратавацца ў Пакістане. Вайна закончылася правалам. Савецкія войскі былі выведзеныя ў 1989 годзе. Савецкі стаўленік Наджыбула быў пакараны сваймі палітычнымі супернікамі – талібамі.

Чачэнія. Дзве вайны былі прайграныя. Першая чачэнская вайна завяршылася так званым Хасавюртаўскім мірам. У выніку чачэнскае кіраўніцтва фактычна ўзначаліла незалежную рэспубліку, хоць яна фармальна заставалася ў складзе Расеі. Дэ-факта гэта быў амаль самастойны аб’ект. Умешвацца ў тое, што там адбывалася, цэнтр не мог. Адзінае, што рабіў, – пастаўляў фінансавыя рэсурсы.

Аб’ектыў
«Гэта генацыд, які мэтанакіравана здзяйсняе агрэсар». Расея абстрэльвае жылыя раёны
2022.04.18 22:59

Другая чачэнская вайна таксама закончылася паразай расейскай арміі. Але ўдалося дасягнуць дамовы, паводле якой у якасці прадстаўніка Расеі Чачэнію ачоліў клан Кадырава. На Хаджы Ахмада Кадырава і ягонага сына Рамзана зрабілі стаўку, далі вялікую колькасць зброі, падтрымалі фінансава. Гэтак кадыраўскія групоўкі змаглі здушыць іншыя чачэнскія кланы, усталяваць у Чачэніі сваю ўладу. Фактычна сёння Чачэнія – не залежная ад Масквы, бо на тэрыторыі Чачэнскай Рэспублікі дзейнічае толькі адзін закон: гэта воля Рамзана Кадырава. Расея вымушаная выплачваць кантрыбуцыю ў выглядзе велізарных фінансавых датацыяў.

Расейская агрэсія ў Грузіі ў 2008 годзе дасягнула ваеннай перамогі дзякуючы 10-разовай перавазе арміі ўварвання. У выніку былі створаныя дзве квазінезалежныя дзяржавы. Насамрэч, пратэктараты Расеі – Абхазія і Паўднёвая Асеція, якія застаюцца на балансе расейскага бюджэту.

Агрэсія супраць Украіны. Быў поспех у 2014-м годзе, калі Расея анексавала Крым. Але Украіна тады перабывала ў складанай палітычнай сітуацыі, арміі фактычна не было. Скарыстаўшыся палітычнай блытанінай, калі пасля ўцёкаў Януковіча ўлады ва Украіне фактычна не было, Расеі параўнальна бяскроўна ўдалося адабраць Крым і потым ініцыяваць выступы сепаратыстка-тэрарыстычных груповак у Данецкай і Луганскай вобласцях. У іншых вобласцях Украіны былі зробленыя такія ж спробы, але яны закончыліся правалам. «Поспех» быў абумоўлены не сілай Расеі, а слабасцю Украіны ў той час.

Пашкоджаны дом ў пасёлку Макараў Бучанскага раёну, які быў пад акупацыяй расейскіх войскаў, а 22 сакавіка 2022 года вызвалены ЗСУ. Макараў, Кіеўская вобласць, Украіна. 7 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

У Маскве не разумеюць, як выйсці з вайны. Палітычныя мэты не дасягнутыя

Юрый Фэдараў кажа, што на сёння буйных поспехаў Расеі ў вайне супраць Украіны няма. На ягоную думку, Расея ўцягнулася ў працяглую жорсткую вайну, з якой трэба выйсці, але як выйсці – у Маскве не разумеюць.

«Таму спрабуюць нарошчваць наступ, удары па ўкраінскіх гарадах. Пачаўся даўно чаканы наступ на Данбас. Чым закончыцца, незразумела, але дасягнуць той палітычнай мэты, якую ставіла Расея перад пачаткам вайны ў Украіне – паставіць Украіну пад кантроль расейскай улады, змяніць уладу – не атрымалася. Цяпер Расея хоча ўтрымаць хаця б частку тых тэрыторый, якія акупавала за апошнія два месяцы».

Фота
Як выглядаюць украінскія гарады, «вызваляць» якія прыйшлі расейскія войскі
2022.03.19 09:00

У Афганістане адбывалася тое ж, што ў Бучы ды Ірпіні

Паводле Юрыя Фэдарава, бамбардаванне цывільных аб’ектаў і інфраструктуры – тактыка вайны, якую выкарыстоўвае Расея. І прыводзіць у прыклад Афганістан.

«Ішла вайна за кантроль над населенымі пунктамі. Карціна тыповая: ёсць паселішча, некалькі тысяч чалавек жыве. Ёсць падазрэнне, што там ёсць групы маджахедаў. Паселішча атачалася савецкімі войскамі, калі была магчымасць. Артылерыйскімі налётамі і авіябамбардаваннем паселішча сціралася з аблічча зямлі. Пасля гэтага туды заходзіла пяхота, і там пачыналася прыкладна тое, што адбывалася ў Бучы ды Ірпіні. Называлася гэта зачыстка.

Працягваецца эвакуацыя мірнага насельніцтва ў мястэчку Ірпінь, Украіна. 9 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Усіх, каго падазравалі ў супрацы з маджахедамі, забівалі, дамы рабавалі, жанчын гвалтавалі. Гэта стандартная тактыка расейскіх войскаў у Афганістане. Паспяхова справіцца з маджахедамі яна не дазваляла. Тое ж самае адбывалася ў Чачэніі, але ў меншых маштабах. Гэта тыповая тактыка арміі, якая не можа дасягнуць поспехаў у сумленнай барацьбе, выкарыстоўвае тэхнічную перавагу. Тое ж самае адбывалася ў Сірыі.

Асаблівы размах гэта атрымала, калі групоўкай камандаваў генерал Дворнікаў, прызначаны адказным за аперацыю на Данбасе. Расейская авіяцыя сцірала з аблічча зямлі Алепа ды іншыя населеныя пункты, дзе былі моцныя пазіцыі антыасадаўскай апазіцыі. А потым туды заходзілі салдаты войска Асада або іранскія атрады, і там пачыналася разня. Расейская авіяцыя дзейнічала беспакарана, бо ў антыасадаўскіх сілаў не было СПА. Яны не маглі збіваць самалёты, якія пірацтвавалі ў небе.

Ва Украіне іншая сітуацыя. Беспакарана лётаць расейскія самалёты над украінскімі гарадамі не могуць. Знішчаныя каля 160 самалётаў. Гэта каласальная лічба. Адпаведна, знішчаная аналагічнае колькасць падрыхтаваных экіпажаў. Экіпаж, які здольны весці баявыя авіяцыйныя дзеянні, складана падрыхтаваць. Нічога дзіўнага – не могуць весці сумленную вайну, даводзіцца ўжываць тэрарыстычныя метады».

  • 18 красавіка расейскія войскі распачалі новую фазу свайго наступу на ўсходзе Украіны. Пра маштабны расейскі наступ на гэтым кірунку ўжо некалькі тыдняў папярэджвалі заходнія і ўкраінская выведкі. У Марыупалі пачаўся штурм заводу «Азоўсталь». Паводле інфармацыі ўкраінскага боку, там знаходзяцца мірныя жыхары.
  • У канцы сакавіка расейскія войскі адступілі на чарнігаўскім і кіеўскім напрамках, асноўны сілы пачалі канцэнтравацца на ўсходзе і поўдні Украіны для правядзення генеральнага наступу на Данбас. Украінскія ўлады прагназавалі, што бітва за Данбас будзе нагадваць сваімі маштабамі Другую сусветную вайну.

belsat.eu

Стужка навінаў