Пра смерць Канстанціна Кальцова стала вядома 18 сакавіка. Смерць 42-гадовага спартоўца пацвердзілі Беларуская федэрацыя хакею і клуб «Салават Юлаеў», дзе ён працаваў намеснікам трэнера. Паліцыя Маямі мяркуе, што беларускі хакеіст Кальцоў скончыў жыццё самагубствам.
Аб прычынах смерці афіцыйных паведамленняў няма, хоць розныя медыі пішуць, што ён нібы памёр у дарозе ў Маямі, куды ехаў падтрымаць сваю дзяўчыну, тэнісістку Арыну Сабаленку, і нібы ад таго, што ў яго адарваўся тромб. Паведамленні пра апошняе клуб абвяргае. Паліцыя Маямі схіляецца да версіі, што Кальцоў скончыў жыццё самагубствам.
Канстанцін Кальцоў нарадзіўся ў Менску 17 красавіка 1981 года. У дзяцінстве займаўся рознымі відамі спорту, але ў 7 гадоў бацькі аддалі яго ў хакейную школу менскага «Юнацтва». Ён гуляў за дзіцячую, юнацкую і моладзевую каманды.
У 1998 годзе пачаў выступаць прафесійна за клуб «Северсталь» з расейскага Чэрэпаўца. Ужо ў наступным годзе быў выбраны на так званым драфце амерыканскай Нацыянальнай хакейнай лігі – правы на кантракт з маладым хакеістам замацаваў клуб «Пітсбург Пэнгўінз», за які тады гуляў славуты чэх Ярамір Ягр.
Але Кальцоў вырашыў застацца ў Расеі. Ён тлумачыў: «У „Пітсбургу“ тады была моцная каманда, прабіцца ў якую шанцаў было няшмат. Але маёй памылкай было тое, што тры гады пасля драфту я нават у лагеры трэнавання не ездзіў. Але таму былі прычыны, бо расейскія каманды ў тыя ж тэрміны ўжо пачыналі сезон. Таму ніводны трэнер мяне не адпусціў бы».
У Расеі ён паспеў згуляць за навакузнецкі «Металлург», казанскі «Ак Барс» і маскоўскі «Спартак», таксама перад выездам у Штаты згуляў на адным юніёрскім, трох моладзевых і трох дарослых чэмпіянатах свету, у кваліфікацыі на Алімпіяду і ў двух гульнях на самой Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці (ды далейшыя гульні быў вымушаны прапусціць праз траўму).
А кантракт з «Пітсбургам» падпісаў толькі ў чэрвені 2002 года. Хоць тады клуб займеў фінансавыя праблемы і старціў шэраг зорак (у тым ліку Ягра), канкурэнцыя была высокая. Але Кальцоў уразіў амерыканцаў надзвычайнай хуткасцю на лёдзе – яго потым часам называлі «Рускай ракетай 2», гэткім нашчадкам расейца Паўла Бурэ.
Праўда, забіваў ён няшмат. У выніку трапіў спачатку ў фарм-клуб «Пінгвінаў». У «Пітсбургу» ён дэбютаваў толькі 28 студзеня 2003 года, за 15 хвілін на лёдзе ні разу не забіў, але паказаў сябе годна.
За сезон 2003–04 правёў за «Пітсбург» 82 гульні, забіў 9 разоў і зрабіў 20 галявых перадачаў, гуляў у тым ліку ў адным звяне са знакамітым канадцам Марыё Лем’ё, які цяпер валодае клубам «Пітсбург Пэнгўінз».
Але ў наступным сезоне ў НХЛ здарыўся локаўт – забастоўка, праз якую сезон скасавалі. Кальцоў паехаў у менскае «Дынама», неўзабаве перайшоў у маскоўскі «Спартак», працягнуў выступаць за зборную Беларусі, у якой стаў найлепшым бамбардзірам на Чэмпіянаце свету 2005 года (праўда, Беларусь тады вылецела ў кваліфікацыйным раўндзе).
У «Пітсбург» Кальцоў вярнуўся на сезон 2005–06, але быў ужо не на першых ролях, за 60 гульняў забіў тры шайбы і зрабіў 6 галявых перадачаў, на наступны сезон не атрымаў прапановаў з НХЛ.
Вярнуўся ў Расею, дзе шэсць сезонаў гуляў за «Салават Юлаеў» з Уфы, з якім выйграў у 2008 годзе перамог на Чэмпіянаце Расеі і ў 2011 годзе выйграў Кубак Гагарына. У 2012 годзе перайшоў у «Атлант» з расейскіх Мыцішчаў, на сезон 2014–15 вярнуўся ў казанскі «Ак Барс», а свой апошні сезон на лёдзе, 2015–16, гуляў за менскае «Дынама».
Агулам згуляў 144 гульні ў НХЛ, дзе забіў 12 шайбаў і зрабіў 26 галявых перадачаў, у расейскіх чэмпіянатах жа згуляў 612 гульняў, забіў 91 шайбу і зрабіў 118 галявых перадач. За дарослую зборную Беларусі правёў 67 гульняў, забіў 21 раз і зрабіў 10 галявых перадач.
Па сканчэнні кар’еры гульца Кальцоў пайшоў у трэнеры: быў асістэнтам галоўнага трэнера менскага «Дынама», трэнерам «Берасця» і маладзечанскага «Дынама», асістэнтам трэнера маскоўскага «Спартака» і «Салавата Юлаева».
У сакавіку 2024 года журналіст выдання «Спорт-Экспресс» паведаміў, што Кальцоў мае замяніць Дзмітрыя Квартальнава на пасадзе галоўнага трэнера менскага «Дынама» і зборнай Беларусі.
Афіцыйных пацверджанняў гэтаму не было, але гэта падобна да праўды: 18 сакавіка, у дзень смерці Кальцова, хакейнае агенцтва «Winners» пісала, што трэнер не працягне кантракт з «Салаватам» і працягне працу ў нейкім іншым месцы.
Кальцоў быў разведзены. Ягоная былая жонка намякала, што Арына Сабаленка звяла ў яе мужа, пакуль тая сядзела з трыма малымі дзецьмі. Кальцоў сцвярджаў у Instagram, што Сабаленка не датычная да разводу, але не ўтойваў кахання да дзяўчыны, маладзейшай за яго на 17 гадоў.
У сацсетках пара хвалілася супольнымі адпачынкамі, Сабаленка паказвала дарагія падарункі ад свайго каханага. Апошні пост Кальцова ў Instagram быў зноў жа прызнаннем у каханні да Сабаленкі.
Спартовы журналіст Аляксандр Пуціла кажа «Белсату», што для яго першачарговая гэтая гісторыя, а не тое, што Кальцоў быў хакеістам ці трэнерам.
«Вы паглядзіце: усюды на першы план выдаюць тое, што ён бойфрэнд Сабаленкі, – абураецца Пуціла. – Ніхто не нагадвае, што ён, між іншым, бацька трох дзяцей. І ніхто не шукае найперш рэакцыю ягонай жонкі. Адразу падкрэсліваецца Сабаленка. Зразумела, яна суперзорка. А хто такая жонка? Даруйце бурклівасць, але для мяне гэта першы негатыў. І галоўны. Але ж, бачыце, «Спорт-Экспрэс» выдаў не як пра здрадніка сваёй сям’і, а як „гісторыю кахання“».
Паведамленне аб тым, што Кальцоў меў узначаліць менскае «Дынама» і зборную Беларусі, Пуцілу моцна здзівіла.
«Хакеіст, канечне, быў таленавіты: хуткі, разумны, выніковы, – прызнае Пуціла. – Але ж трэнерам нічога не дамогся. У расейскіх клубах – на другіх ролях, у беларускіх – „Берасце“, „Дынама-Маладзечна“ – папрацаваў толькі па адным сезоне. І гэта пра шмат што кажа. „Берасце“ пры ім было толькі 10-м у 2020-м, з „Дынама-Маладзечна“ так, выйграў Кубак Салея, Кубак краіны, але ж у чэмпіянаце прайграў на самай пачатковай стадыі – чвэрцьфінале – жлобінскаму „Металургу“».
У Пуцілы склалася ўражанне пра Кальцова як пра трэнера, які «не гарэў гэтым»: не быў захоплены дынамікай на пляцоўцы і ў клубе, і асабліва ў зборнай. Таму, мяркуе Пуціла, Кальцоў мог вырашыць змяніць амплуа і перайсці, як з’явілася магчымасць, у трэнерскі штаб Арыны Сабаленкі.
Алесь Наваборскі belsat.eu