Былы хакеіст зборнай Беларусі Канстанцін Кальцоў скончыў жыццё самагубствам. Пра гэта ў каментары «Трыбуне» паведаміў прадстаўнік паліцыі Маямі (ЗША).
У паліцыі адзначылі, што прыкладна ў 12.39 a.m. (00:39 паводле беларускага часу) паліцыя і пажарныя былі накіраваныя ў гатэль «St. Regis Bal Harbour Resort» «з нагоды мужчыны, які саскочыў з балкона».
«Аддзел забойстваў паліцыі акругі Маямі-Дэйд узяў на сябе расследаванне відавочнага самагубства Канстанціна Кальцова. Ніякіх падазроных абставінаў не выяўлена», – заявіў прадстаўнік прэс-службы паліцыі.
Раней «Трыбуна» адзначала, што былы трэнер зборнай Беларусі Уладзімір Крыкуноў са спасылкаю на свайго сына, які некалі таксама гуляў у хакей, сказаў, што смерць Канстанціна Кальцова нейкім чынам звязаная з машынай. Праўда, спецыяліст выказаўся не вельмі ўпэўнена і звярнуў увагу на тое, што афіцыйнай версіі пакуль няма.
Найбольш жа абмяркоўвалася версія, што Кальцоў выпаў з акна. Нібыта ён з нейкай прычыны выйшаў у акно шматпавярховага будынку і загінуў у выніку падзення.
Пра смерць Кальцова сталася вядома 19 сакавіка. Але яе абставіны не раскрываліся.
Кальцоў пачаў кар’еру ў 1998 годзе ў менскай камандзе «Юнацтва». Выступаў за розныя беларускія і расейскія клубы, некалькі гадоў гуляў у НХЛ у «Pittsburgh Penguins». У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі быў з 1999 года, браў удзел у Алімпіядах у Солт-Лэйк-Сіці і Ванкувэры, а таксама ў 11 чэмпіянатах свету.
Трэнерскую кар’еру пачаў у 2017 годзе, з 2021 года – у ХК «Салават Юлаеў». На мінулым тыдні з’явілася неафіцыйная інфармацыя, што Кальцоў не будзе працягваць кантракту з клубам, а замест гэтага зойме пасаду галоўнага трэнера менскага «Дынама» і беларускай зборнай.
Якуб Хруст belsat.eu