Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін распавёў у эфіры «Россия 1», чаму РФ не пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны яшчэ ў 2014 годзе, калі анексавала Крым і спрыяла ўтварэнню «ЛНР» і «ДНР» на ўкраінскім Данбасе.
Пуцін адзначыў, што вырашыў скарыстацца сітуацыяй ва Украіне і захапіць Крым «з колаў». А вось для рэшты ўкраінскай тэрыторыі ў Расеі тады сілаў не хапала.
Паводле прэзідэнта, РФ трэба было «быць гатовай «да нейкіх больш сур’ёзных дзеянняў, чым дзеянні ў рамках так званай «крымскай вясны». Гэтак, сказаў ён, цяпер у Расеі рэкордны ўраджай збожжавых, якога раней не было.
Акрамя забеспячэння краіны харчаваннем, у Расеі таксама вельмі шмат зрабілі з пункту гледжання імпартазамяшчэння крытычна важных напрамкаў жыццядзейнасці краіны, заявіў Пуцін.
«І трэцяе – можа, нават першае: мы ўмацавалі сваю фінансавую сістэму. Значыць, у нас, нягледзячы на чаканні праціўніка, нічога не абвалілася, усё працуе, і картка «Мир» працуе, і фінансавая сістэма функцыянуе, банкі нарошчваюць свае магчымасці», – сказаў ён.
Таксама трэба было шмат зрабіць, «тады не было гіпергукавой зброі, а зараз ёсць». Як і «іншыя сучасныя сістэмы, а ў 2014 годзе нічога падобнага не было».
Што было б, калі б Расея пачала вайну ў 2014 годзе – вельмі цяжка сказаць, падкрэсліў Пуцін.
Якуб Хруст belsat.eu