У лютым-сакавіку на акупаваных тэрыторыях Кіеўшчыны і Чарнігаўшчыны расейскія вайскоўцы забівалі мірных жыхароў, падвяргалі іх катаванням і здзяйснялі іншыя ваенныя злачынствы.
Пра гэта гаворыцца ў справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Human Rights Watch» (HRW).
«Шматлікія зверствы расейскіх войскаў, якія акупавалі поўнач Украіны ў пачатку вайны, агідныя, незаконныя і жорсткія», – сказаў намеснік дырэктара HRW у Еўропе і Цэнтральнай Азіі Гіёргі Гогія.
У красавіку прадстаўнікі «Human Rights Watch» наведалі 17 паселшчаў у Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласцях. Былі задакументаваныя 22 выпадкі пазасудовых пакаранняў смерці, 9 выпадкаў незаконнага пазбаўлення жыцця, 6 патэнцыйных выпадкаў гвалтоўнага знікнення і 7 выпадкаў катаванняў. Акрамя таго, праваабаронцы запісалі 21 сведчанне мірных жыхароў аб тым, як іх незаконна ўтрымлівалі пад вартай у нечалавечых, зневажальных умовах.
Напрыклад, у вёсцы Ягадная расейскія вайскоўцы 28 содняў трымалі ў школьным сутарэнні больш за 350 мясцовых жыхароў, у тым ліку не менш як 70 дзяцей, з якіх пяцёра былі немаўлятамі. Цягам усяго гэтага часу людзей амаль не выпускалі вонкі. У памяшканні не было чым дыхаць; не было вольнага месца, каб легчы. Людзям даводзілася спраўляць патрэбу ў вядро.
Праваабаронцы задакументавалі 7 выпадкаў, калі расейскія вайскоўцы катавалі затрыманых людзей, каб атрымаць ад іх нейкія звесткі. Людзей збівалі, білі токам, інсцэнізавалі іх пакаранне смерцю.
Глеб Нержын belsat.eu