У Беларусі медыянныя заробкі дасягнулі максімуму


Медыянныя заробкі ў Беларусі дасягнулі рэкорднага памеру. Зафіксаваны іх рост, а таксама зніжэнне розніцы паміж сярэдняй і медыяннай зарплатай, адзначаюць banki24.by.

Беларускія рублі. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Інфармацыю пра медыянныя заробкі ў Беларусі публікуюць два разы на год – у ліпені (за травень) і ў студзені (за лістапад). Медыянны заробак паказвае суму, якая дзеліць заробкі, што атрымліваюць працаўнікі краіны, на дзве розныя часткі: палова атрымлівае менш за гэтую суму, а палова – больш.

Медыянны заробак у лістападзе 2022 года склаў Br 1248, сярэдні – Br 1648. Розніца паміж імі дасягнула 24,3 %, гэты паказнік зніжаецца другі год запар: у лістападзе 2020-га быў 27,4 %, у лістападзе 2021-га – 25,7 %. Памяншэнне розніцы паміж сярэднім і медыянным заробкамі звычайна гаворыць аб зніжэнні матэрыяльнага расслаення сярод работнікаў. У параўнанні з лістападам 2021 года медыянны заробак у Беларусі вырас на 13,9 %, а сярэдні – на 11,6 %. У доларавым выражэнні медыяны заробак у лістападзе 2022-га склаў $ 511,5, і гэта гістарычны максімум за перыяд назіранняў. Папярэдні рэкорд быў устаноўлены аж у траўні 2014 года ($ 480,3).

Першае месца занялі айцішнікі з медыянай Br 3812. За імі рушылі ўслед работнікі горназдабывальнай прамысловасці (Br 3287), паветранага транспарту (Br 2554), нафтаперапрацоўвання (Br 2182), хімічнай прамысловасці (Br 2033), гандлю аўтамабілямі і матацыкламі (Br 1905), металургіі (Br 1797). У канец спісу трапілі работнікі рыбалоўства і рыбаводства (Br 996,5), адукацыі (Br 916,8), а таксама сферы творчасці, спорту, забавы і адпачынку (Br 837,2).

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў