Старшыня Еўракамісіі распавяла падрабязнасці пра новыя санкцыі супраць Расеі


Заходнім саюзнікам неабходна «падвысіць» узровень вайсковага падтрымання і ўзбраення, якое пастаўляецца ва Украіну. Пра гэта заявіла CNN старшыня Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Урзуля фон дэр Ляен.
Фота: vonderleyen/Twitter

Паводле яе, Украіне патрэбнае «ўсё вайсковае абсталяванне», з якім яна «можа даць рады, улучаючы перадавыя сістэмы».

«Я вельмі спадзяюся, што ў Рамштайне… будзе вялікі крок наперад», – дадала яна, маючы на ўвазе сустрэчу 20 студзеня ў Нямеччыне, дзе саюзнікі пабачацца з прадстаўнікамі Украіны на авіябазе «Рамштайн».

Фон дэр Ляен таксама распавяла пра дзясяты пакет санкцыяў супраць Расеі. Яна адзначыла, што ён «будзе пераважна засяроджаны на тым, каб закрыць шчыліны, пакончыць з абыходамі санкцыяў, каб тыя, хто абыходзіць санкцыі Еўразвязу, адчулі сур’ёзныя наступствы».

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 17 студзеня ўзяла ўдзел у дыскусіі аб бяспецы ў Еўропе на Давоскім форуме. Разам з ёй у дыскусіі ўдзельнічалі таксама прэзідэнты Польшчы, Літвы, Паўночнай Македоніі і кіраўніца МЗС Іспаніі.

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што дэмакратычная Беларусь – саюзніца Украіны ў гэтай вайне. Пры гэтым яна нагадала, што беларусы, якія зазнаюць рэпрэсіі ў сваёй краіне, не могуць перадаць Украіне HIMARS ды іншае ўзбраенне, «але большасць насельніцтва Беларусі падтрымоўвае Украіну».

«Мы не хочам рабіцца ворагамі праз жудасныя рашэнні нелегітымнага Лукашэнкі. Мы падтрымоўваем украінцаў, наколькі можам», – сказала Ціханоўская.

У якасці прыкладаў яна прывяла распаўсюд інфармацыі ды нагадала, як беларускія рэйкавыя партызаны запавольвалі расейскія пастаўкі зброі, што накіроўваліся ва Украіну.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў