Святлана Ціханоўская выступіла ў парламенце Вялікай Брытаніі з «Вестмінстарскай лекцыяй»


17 кастрычніка Святлана Ціханоўская выступіла перад членамі брытанскага парламента, прадстаўнікамі дыпламатычнай супольнасці і іншымі важнымі асобамі з «Вестмінстарскай лекцыяй», якая штогод ладзіцца ў парламенце Вялікай Брытаніі.

Святлана Ціханоўская выступае ў брытанскім парламенце з «Вестмінстарскай лекцыяй».
Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі / Telegram

Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі назваў гэта праграмным зваротам дэмакратычнай лідаркі аб сітуацыі ў Беларусі і стратэгічных прыярытэтах для дэмакратычных сіл і міжнароднай супольнасці.

У сваёй прамове Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу, што апошнім часам дэмакратыя не проста ў заняпадзе», а знаходзіцца «пад атакай». Адну з такіх атак на дэмакратыю ўжо цягам трох гадоў вядзе рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Беларуская дэмакратычная лідарка адзначыла сувязь паміж падзеямі ва Украіне і Ізраілі, паведаміла аб падтрымцы арганізацыі «Хамас» Лукашэнкам.

«Чальцы так званага клуба дыктатараў вучацца адзін у аднаго і падтрымліваюць адзін аднаго. Лукашэнкаўскія СМІ, як і пуцінскія, усхвалявалі тэрарыстычны напад «Хамас» на Ізраіль. Прапаганда напісала, што напад быў «перамогай Менска і Масквы», – сказала Святлана Ціханоўская.

Таксама яна адзначыла, што Захад мог бы перадухіліць кровапралітную вайну ва Украіне, «калі б раней і больш жорстка адрэагаваў на тое, што Лукашэнка рабіў з беларусамі ў 2020 годзе».

Святлана Ціханоўская сказала, што ў 2020 годзе беларусы выбралі дэмакратыю, і «з тых часоў яны не перадумалі. Яны хочуць жыць у незалежнай, свабоднай, сучаснай краіне, а не ў таталітарнай сістэме».

Беларуская лідарка звярнула ўвагу на тое, што пры слабой палітычнай волі міжнародныя механізмы не працуюць. Асабліва ў пытанні вызвалення палітвязняў. Таму трэба яе ўзмацняць.

«Станьце хроснымі бацькамі для палітвязняў. Многія з іх ужо адбылі свой тэрмін. Цяпер ім патрэбны пераезд і рэабілітацыя, і я спадзяюся на вашу падтрымку ў гэтым пытанні», – заклікала Святлана Ціханоўская.

На думку беларускай лідаркі, дэмакратычная Беларусь – гэта не дабрачыннасць, а інвестыцыі ў бяспеку ўсяго свету. І беларусам патрэбная дадатковая падтрымка, каб спыніць дыктатараў у Беларусі. Вялікая Брытанія, на яе думку, можа рабіць болей у гэтай справе.

Святлана Ціханоўская адзначыла, што тысячы беларускіх добраахвотнікаў ваююць у складзе ЗСУ, і што яна не сумняваецца ў перамозе Украіны ў вайне, а таксама ў тым, што Беларусь будзе свабоднай. Аднак, адзначыла яна, «мы не зможам перамагчы ў адзіночку».

«Нам патрэбныя моцныя саюзнікі і сябры, гатовыя да смелых крокаў і рашэнняў. Я веру, што такія людзі прысутнічаюць у гэтай залі», – звярнулася Святлана Ціханоўская да прысутных.

«На фоне ўсіх складанасцяў і цяжкасцяў у краіне я часам чую, што Беларусь – гэта безнадзейная справа. Але гэта не так. Запэўніваю вас: Беларусь можа стаць гісторыяй поспеху, – падкрэсліла Святлана Ціханоўская. – Чаму так станоўча да гэтага стаўлюся? Бо ведаю беларускі народ. Менавіта людзі даюць мне сілы працягваць палітычную дзейнасць.

Колькі дзён таму таму мне тэлефанавала пенсіянерка з Менска. Яна распавяла, што разам з сяброўкамі рэгулярна абмяркоўвае палітыку, і жанчыны падтрымліваюць адна адну. «Вы не баіцеся?» – пытаюся. «Мы проста стаміліся баяцца», – чую ў адказ. – «Нас занадта шмат. Яны проста не могуць усіх арыштаваць».

Беларусы стаміліся жыць ва ўмовах дыктатуры цягам амаль 30 гадоў, адзначыла Святлана Ціханоўская. «І хаця прыгожых мітынгаў, падобных да тых, што былі тры гады таму, не ўбачыш, супраціў працягваецца і сышоў у падполле», – сказала яна.

«Я не прашу вас змагацца замест нас. Перамены ў Беларусі – задача саміх беларусаў. Але я прашу вас быць побач з Беларуссю ў такі крытычны момант гісторыі, калі пад пагрозай само існаванне нашай краіны», – заклікала прысутных беларуская дэмакратычная лідарка.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў