Арышт сына пісьменніка і суд над дырэктарам Гомельскага лялечнага тэатра


«Белсат» працягвае апісваць хроніку рэпрэсій, якія бесперапынна чыняцца ў Беларусі. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Суд Ленінскага раёна Менска 28 снежня вынес прысуд Маргарыце Ермаліцкай за ўдзел у пратэсным маршы ў 2020 годзе паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Жанчыну затрымалі 7 снежня, апазнаўшы па фотаздымках, размешчаных на адным з сайтаў, ёй прысудзілі 2,5 года «хатняй хіміі».

Дырэктара Гомельскага лялечнага тэатра Дзмітрыя Гарэліка судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Што стала падставай для абвінавачанняў, пакуль невядома. Невядомы таксама і вырак суддзі гомельскага раённага суда. Але праваабаронцы адзначаюць, што пакуль прозвішча Гарэліка не знікла з сайту тэатру і ён усё яшчэ пазначаны як дырэктар.

Праваабаронцы выступілі з адмысловай заявай з нагоды смерці палітвязня Вадзіма Храсько, які памёр у ноч з 8 на 9 студзеня 2024 года ў калоніі «Віцьба» ад пнеўманіі. У заяве гаворыцца, што «цалкам відавочна, што чарговая смерць палітвязня ў месцах пазбаўлення волі за такі кароткі час праз неаказанне належнай медыцынскай дапамогі з’яўляецца следствам дзяржаўнай палітыкі бесчалавечнага абыходжання з людзьмі, заснаванага на палітычных матывах».

У Берасці 12 і 15 студзеня за каментар судзілі Аляксандра Хведарука, якога абвінавачваюць паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады»). Як сцвярджае абвінавачанне, мужчына пакінуў каментар пад відэа Акадэміі МУС, якое 5 лістапада 2022 году са сваім подпісам апублікаваў тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДам». На відэа выкладчыцы і курсанткі акадэміі чытаюць вершы Кацярыны Даўлатавай «Мужчынам не проста». Дзве выкладчыцы з роліка падалі да Хведарука пазоў «аб кампенсацыі маральнай шкоды» па 2000 рублёў кожная.

Стала вядома, што 22 снежня 2023 году паводле «народнага» 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу быў асуджаны электрамеханік Уладзіслаў Бандарэнка. За ўдзел у мітынгу ў 2020 годзе і тое, што ён «рухаўся па праезнай частцы па праспекце Незалежнасці ў горадзе Менску, блакаваў і перакрываў шлях транспартным сродкам», мужчыну прысудзілі 2,5 гады «хатняй хіміі».

Жыхару Докшыцкага раёна Сяргею Карыпанаву прызначылі 40 гадзін грамадскіх працаў за падпіскі ў сацыяльнай сетцы на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы: на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» ён захоўваў славеснае абазначэнне тэлеканала «Белсат» у выглядзе яго лагатыпа і спасылкі на іншыя інфармацыйныя рэсурсы, якія раней унеслі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Праваабаронцы надалі статус «былы палітвязень» 14 беларусам і запатрабавалі для іх ад беларускіх уладаў адмены прысудаў і кампенсацыі ўрону. У спіс прозвішчаў, згаданых праваабаронцамі, трапілі: Міхаіл Багуцкі, Васіль Дамарад, Дзіяна Лаўрыновіч, Міхаіл Купрэенка, Уладзіслаў Лагуценка, Ілля Лубянаў, Вольга Маліноўская, Вадзім Мірончык, Аляксей Махнач, Яўген Невяроўскі, Яўген Аўчыннікаў, Раман Рафеенка, Ірына Серажонак, Аляксей Цыганоў.

ГУБАЗіК апублікаваў чарговае відэа з удзельнікамі гурта «Nizkiz», у якім музыкаў прымусілі сказаць аб сваім удзеле ў пратэстах («выйшлі на вуліцу для ўдзелу ў беспарадках і спявалі песні для пратэстуючых, у тым ліку для Белсат») і пра тое, што «бліжэйшыя пяць гадоў будуць спяваць у месцах пазбаўлення волі». Гэта з’яўляецца тыповым прыкладам таго, як затрыманыя сілавікамі людзі выступаюць у якасці закладнікаў і гавораць на камеру тое, што ім загадаюць.

У Быхаве затрымалі сына пісьменніка Сяргея Антонава – Арцёма – і распачалі на яго крымінальную справу. Гэта адбылося яшчэ ў сярэдзіне снежня. Вядома, што Сяргей Антонаў уцёк за мяжу, хаваючыся ад пераследу сілавікоў. Арцёма Антонава затрымалі спачатку па адміністрацыйнай справе, пасля гэтага правялі ў яго дома ператрус, а самому мужчыну выставілі абвінавачанне ў «абразе Лукашэнкі».

Стала вядома, што Камітэт ААН прызнаў парушэнне недатыкальнасці прыватнага жыцця праваабаронцы Леаніда Судаленкі ў Беларусі – свае звароты Судаленка накіроўваў у камітэт з нагоды паглыбленых даглядаў на мяжы і існавання «палітычнага спісу» ў памежнікаў у 2015 годзе. У выснове Камітэту ААН гаворыцца, што кожны чалавек павінен мець права ведаць, якія персанальныя дадзеныя і для якіх мэт захоўваюцца ў аўтаматычных базах дадзеных дзяржаўных органаў. А таксама адзначаецца, што кожны мусіць мець магчымасць ведаць, якія дзяржорганы кантралююць ці могуць кантраляваць персанальныя дадзеныя і іх адпаведнасць рэчаіснасці. Сам Леанід Судаленка называе гэтае рашэнне прэцэдэнтным, бо «яно тычыцца таемнай мадыфікацыі асабістых дадзеных грамадзян у кампутарных сістэмах дзяржаўных органаў».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў