Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі паведаміла пра сур’ёзны рост коштаў на будматэрыялы і камплектныя дэталі. Месцамі рост дасягнуў 90 %.
У ФПБ адзначылі, што наведалі 49 крамаў у 39 раёнах, каб параўнаць цэны гэтага чэрвеня з снежаньскімі. І ў большасці гандлёвых пунктаў зафіксаваны сурʼёзны рост цэнаў.
«Паводле нашых звестак, амаль на 90 % павялічыліся цэны на іглічныя піламатэрыялы ў Наваполацку, на 20 % – на цэмент у Лоеўскім раёне, больш чым на 85 % – на пліты ОSB у гарадскім пасёлку Расоны. Значна падаражэлі вырабы з металу. Паводле інфармацыі Беларускага прафсаюзу работнікаў лесу і прыродакарыстання, прыкладна на 50 % вырас кошт фанеры, МДФ, дроваў і іншых вырабаў з дрэва. Адзначу: калі мы прыходзім у краму, то глядзім на цэны вачыма спажыўца, які набывае тавар для сябе са свайго кашалька», – заявіла намесніца старшыні ФПБ Алена Манкевіч.
У ФПБ адзначаюць, што праз рост коштаў можа павялічыцца кошт квадратнага метра жытла, у выніку чаго «набыццё ўласнага даху над галавой стане непадʼёмнай ношай».
«Аздабленне і рамонт кватэры таксама абыдуцца значна даражэй. Ды і з набыццём мэблі могуць узнікнуць праблемы – сямейны бюджэт не бязмежны. У канчатковым жа выніку на ўзроўні краіны ўсё гэта прывядзе да разгону інфляцыі», – кажуць у Федэрацыі.
Пытанне росту коштаў прадстаўнікі ФПБ абмеркавалі з супрацоўнікамі Камітэту дзяржкантролю і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Адзначым, што будаўнічыя матэрыялы даражэюць якраз падчас няспынных паведамленняў пра масавую высечку лесу.
МГ belsat.eu