Доналд Трамп перамог на ўнутрыпартыйным галасаванні


Былы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп перамог на першым унутрыпартыйным галасаванні – кокусе, якое праходзіла ў штаце Аява, паведамляе CNN.

Кандыдат у прэзідэнты  Дональд Трамп на вечарыне в Дэ-Мойн, штат Аява. 15 студзеня 2024 года.
Фота: Andrew Harnik /AP Photo / East News 

Ва ўнутрыпартыйным галасаванні ў Аяве ўзялі ўдзел больш за 109 тысяч выбарцаў. Па выніках падліку больш за 90 % галасоў: Трамп атрымаў 51,1 %, губернатар Флорыды Рон Дэсэнтыс – 21,2 %, былая амбасадарка ЗША ў ААН Нікі Гэйлі – 19,1 %. За Трампа прагаласавалі больш за 55 тысяч чалавек.

Рэспубліканская і Дэмакратычная партыі ЗША на ўнутрыпартыйных выбарах – кокусах – вызначаюць сваіх кандыдатаў. Галасаванні сярод партыйных выбарнікаў скончацца ў чэрвені 2024 года, пасля чаго партыі афіцыйна вылучаць сваіх кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары, якія пройдуць у ЗША 5 лістапада 2024 года.

Hавiны
Доналда Трампа арыштавалі ў справе аб выбарах-2020 і праз 20 хвілін адпусцілі
2023.08.25 10:03

Напрыканцы снежня 2023 года некаторыя штаты ЗША забаранілі Трампу браць удзел у першасных выбарах, якія пройдуць 5 сакавіка 2024 года. Сярод іх – штаты Мэйн і Каларада.

Дзяржаўная сакратарка штату Мэйн, сябра Дэмакратычнай партыі Шэна Бэлаўз, як і Вярхоўны суд Каларада, спаслалася на тое, што Трамп правакаваў паўстанне, распаўсюджваў непраўдзівую інфармацыю і заклікаў сваіх прыхільнікаў здзейсніць марш на Капітолій. Такім чынам, як сцвярджаецца, была парушаная 14-ая папраўка Канстытуцыі ЗША, што забараняе балатавацца ўдзельнікам мяцяжу.

«Канстытуцыя ЗША не дапускае замаху на асновы нашага ўраду», – напісана ў пастанове Бэлаўз.

НА 8 лютага 2024 года Вярхоўны суд ЗША прызначыў паседжанне, на якім будзе вырашаць, ці зможа Трамп прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах.

Суд хоча паспець да гэтак званага «Супераўторка» 5 сакавіка, калі ў Каларада і шмат якіх іншых штатах пройдуць першасныя выбары. Такім чынам, рашэнне будзе прынятае цягам некалькіх дзён ці тыдняў, хаця звычайна разгляд справаў у інстанцыі можа расцягвацца да года.

Трамп намагаецца аспрэчыць пастанову Вярхоўнага суда Каларада, які забараніў яму ўдзельнічаць у праймерыз.

Рашэнне Вярхоўнага суда ЗША будзе абавязковым для ўсіх штатаў, таму фактычна інстанцыя пастановіць, ці зможа Трамп зноў балатавацца на пасаду прэзідэнта.

Hавiны
Суддзі заявілі Трампу, што ў прэзідэнта няма «чароўнага права каралёў» пазбягаць адказнасці
2023.12.02 11:13

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў