Кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы аб’яўлены ў вышук ва Украіне. Кірыл – асоба, якая хаваецца ад органаў дасудовага расследавання, гаворыцца на сайце МУС Украіны. Дата яго «знікнення» – 11 лістапада 2023 года.
Раней Служба бяспекі Украіны абвясціла Уладзіміра Гундзяева (Кірыла) падазраваным па трох крымінальных злачынствах. Яго абвінавачваюць у замаху на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, у падрыхтоўцы і вядзенні агрэсіўных ваенных дзеянняў або агрэсіўнай вайны, а таксама ў апраўданні, прызнанні правамернай, адмаўленні ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны, гларыфікацыі яе ўдзельнікаў.
Калі Гундзяеў зʼявіцца на тэрыторыі Украіны, то ён будзе ўзяты пад варту.
Кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы актыўна падтрымлівае вайну ва Украіне, бласлаўляе расейцаў на ўдзел у агрэсіі і прасоўвае абсурдныя прапагандысцкія наратывы.
Арсен Рудэнка belsat.eu