ЗСУ рыхтуюцца да прарыву фронту на поўдні? Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 538-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 15 жніўня чытайце ў нашым аглядзе.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку працягваюцца баі каля сяла Сынькоўка ў Харкаўскай вобласці. Паводле аналітыкаў праекту «Deepstate», пакуль расейскія вайскоўцы не маюць поспеху.

Таксама Узброеныя сілы РФ няўдала атакавалі каля сяла Андрэеўка ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці, але і тут украінскім вайскоўцам удалося ўтрымаць свае пазіцыі.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што далей на поўдзень па лініі фронту актыўнічаюць Збройныя сілы Украіны. У прыватнасці, паведамляецца пра штурмавыя дзеянні з боку ўкраінцаў на захадзе ад Кармазынаўкі, на так званым торскім выступе, а таксама ў Серабранскім лясніцтве. Паводле крыніцы, паўсюль ЗСУ не дасягнулі поспеху.

Разам з тым «Рыбарь» мяркуе, што неўзабаве ўкраінцы могуць перайсці ў больш маштабны наступ на паўночным усходзе краіны, паколькі цяпер фіксуецца назапашванне жывой сілы і артылерыі ЗСУ ўздоўж гэтага ўчастку фронту.

Украіна працягвае ўмацоўваць мяжу з Беларуссю. Крыніца: Командування Об’єднаних Сил ЗС України / Facebook

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў піша пра няўдалую атаку войскаў РФ каля сяла Вясёлае (на паўночным усходзе ад гораду Салядар).

Разам з тым, па-ранейшаму на бахмуцкім кірунку найбольшая актыўнасць абодвух бакоў канфлікту назіраецца на поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.

У «Deepstate» фіксуюць пра чарговыя спробы Узброеных сілаў РФ вярнуць раней страчаныя пазіцыі каля населеных пунктаў Клішчыеўка і Андрэеўка – пакуль безвынікова.

Тэлеграм-канал «Бахмутський Демон» адзначае, што ў ваколіцах Клішчыеўкі расейцы нясуць вялізныя страты ў жывой сіле, што ў першую чаргу выклікана выкарыстаннем ЗСУ артылерыі і ўдарных БпЛА.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

У ваколіцах Данецку расейскія вайскоўцы намагаюцца атачыць Аўдзееўку, а таксама заняць Мар’інку. Між тым пакуль украінцам удаецца стрымліваць праціўніка.

Таксама УС РФ цягам апошніх содняў узнавілі атакі на Краснагораўку, але і тут не дасягнулі поспеху.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў)

На стыку Данецкай і Запарожскай вобласцяў ініцыятыва захоўваецца за Збройнымі сіламі Украіны.

У тэлеграм-канале расейскага батальёну «Восток» прызналі адыход сваіх вайскоўцаў з сяла Уражайнае.

«Рыбарь» піша, што цяпер ЗСУ намагаюцца акапацца на паўднёвых ускрайках населенага пункта. Пры гэтым расейцы засяродзіліся на нанясенні артылерыйскіх і авіяцыйных удараў па праціўніку.

У гэты ж час дыверсійна-выведныя групы ўкраінцаў пры падтрымцы артылерыі атакавалі пазіцыі войскаў РФ у суседнім сяле Завітнае Бажання.

Крыніца мяркуе, што неўзабаве Збройныя сілы працягнуць маштабны наступ адразу на трох кірунках: у бок сёлаў Прыютнае, Старамлынаўка і Новаданецкае (на ўсходзе, поўдні і захадзе ад участку Старамаёрскае – Уражайнае). Такім чынам будзе рыхтавацца своеасаблівы калідор для прарыву ў бок Азоўскага мора.

Мэлітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

«Deepstate» піша, што на мэлітопальскім кірунку працягваюцца баі ў сяле Работына, а таксама ў яго ваколіцах (Палогаўскі раён Запарожскай вобласці).

Пегаў піша, што ЗСУ штурмуюць паўночныя ўскрайкі населенага пункта, а таксама імкнуцца выйсці да паўднёва-ўсходніх межаў, каб у выніку атачыць групоўку расейцаў.

Адначасова з гэтым украінцы атакуюць каля сёлаў Вэрбовае і Капані (на ўсходзе і захадзе ад Работына адпаведна), што ўказвае на падрыхтоўку шырокага плацдарму для далейшага прасоўвання на поўдзень.

«Рыбарь» паведамляе пра назапашванне рэзерваў ЗСУ каля Малой Такмачкі, якія ў выпадку поспеху пад Работынам будуць кінутыя на прарыў у бок гораду Такмак.

Таксама на мэлітопальскім кірунку ЗСУ адзначыліся актыўнасцю каля сёлаў Даражнянка і Пятыхаткі (у ваколіцах гарадоў Гуляйполе і Васілеўкі адпаведна). Імаверна, такім чынам украінскае камандаванне спрабуе расцягнуць абарону праціўніка перад спробамі прарыву на поўдзень.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu

Стужка навінаў