NATO: Украіна мае акно магчымасцяў, каб пахіснуць баланс у вайне


Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг 15 лютага расказаў пра вынікі сустрэчы міністраў абароны краінаў Паўночнаатлантычнага альянсу, галоўнай тэмай якой была вайна ва Украіне.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг. Брусель, Бельгія. 15 лютага 2023 года.
Фота: nato.int

Як расказаў Енс Стольтэнбэрг, міністры абароны сустракаліся, каб абмеркаваць падтрымку Украіны, узмацненне ўласнай абароны і ў прыватнасці абарону крытычнай інфраструктуры ў сваіх краінах, паляпшэнне вайсковага планавання і кааперацыі з індустрыяй. Абмяркоўвалі таксама падтрыманне «партнёраў у рызыцы»: Босніі і Герцагавіны, Грузіі, Малдовы.

«Прайшоў амаль год з таго, як Расея пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну – найбуйнейшы канфлікт у Еўропе пасля Другой сусветнай вайны, – сказаў Стольтэнбэрг. – І мы не бачым прыкметаў таго, што Расея рыхтуецца да міру. Наадварот, Расея пачынае новыя наступы».

Hавiны
Што калі беларускае войска выправяць ва Украіну? Спыталі Аб’яднаны пераходны кабінет
2023.02.14 15:21

На дзень раней міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў праінфармаваў NATO пра найбольш тэрміновыя патрэбы ўкраінцаў у вайне. А саюзнікі паабяцалі новую дапамогу, у тым ліку пастаўкі цяжкога ўзбраення Украіне, а таксама харчавання, паліва, медыкаментаў, сістэмаў супраць дронаў, вайсковых мастоў-амфібіяў.

«Гэта крытычна, – падкрэсліў Стольтэнбэрг пра пастаўкі. – Украіна мае акно магчымасцяў, каб пахіснуць баланс. І час мае важнае значэнне».

Саюзнікі ўхвалілі новыя рэкамендацыі ў планаванні абароны, якія адлюстроўваюць «жыццё ў больш небяспечным свеце»: расейскую агрэсію, пастаянную пагрозу тэрарызму і выклікі з боку Кітаю. Таксама міністры абмяркоўвалі павелічэнне індустрыяльных магутнасцяў і папаўненне запасаў зброі і амуніцыі. Саюзнікі ўлічваюць, што ва Украіны сканчаюцца боепрыпасы. Новыя кантракты з абарончай прамысловасцю з улікам патрэбаў Украіны падпісалі Злучаныя Штаты, Францыя, Нямеччына, Нарвегія.

Hавiны
Без самалётаў, але з танкамі, снарадамі і СПА. Чым Захад дапаможа Украіне ў «пераломны момант»
2023.02.15 17:57

Стольтэнбэрг звярнуў увагу на тое, што больш краінаў сталі выдаткоўваць прынамсі 2 % валавога ўнутранага прадукту на абарону – на гэта пагадзіліся яшчэ ў 2006 годзе, але дамову выконваюць далёка не ўсе, а пасля 2024 года планку могуць і падвысіць. Таксама ён адзначыў, што ўжо восьмы год запар саюзнікі павялічваюць выдаткі на абарону, дадатковыя інвестыцыі ў 2022 годзе склалі 350 млрд долараў.

Сярод тэмаў была абарона падводнай інфраструктуры на фоне падрыву газаправоду «Паўночная плынь» – вырашылі стварыць каардынацыйную групу ў штаб-кватэры NATO.

На прэс-канферэнцыі пасля выступу ўкраінскі журналіст спытаў пра патэнцыйнае далучэнне Украіны да NATO. Стольтэнбэрг адказаў:

«Аб Украіне пазіцыя NATO не змянілася. Мы шмат разоў паўтаралі, што Украіна стане чальцом Альянсу, але цяпер у цэнтры ўвагі – пераканацца, што Украіна выйграе вайну».

Паводле яго, перамога Украіны ў вайне – адзіны шлях да таго, каб Украіна магла рухацца ў напрамку інтэграцыі ў NATO як суверэнная дзяржава, і спрыянне гэтаму – у цэнтры ўвагі саюзнікаў.

Далейшую каардынацыю высілкаў краіны NATO маюць грунтоўна абмеркаваць на саміце ў Вільні, які запланаваны на 11–12 ліпеня. Там, паводле Стольтэнбэрга, маюць абмеркаваць і планку ў прынамсі 2 % ВУП на абарону.

Hавiны
Рышы Сунак: У Вялікай Брытаніі будуць навучаць і пілотаў з Украіны
2023.02.08 22:43

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў