Лукашэнка двойчы выказаўся пра «рэжым контртэрарыстычнай аперацыі». Ясней не стала


Аляксандр Лукашэнка двойчы адказаў на пытанні журналістаў пра тое, які рэжым усё-ткі абвешчаны ў Беларусі. Першы раз ён заявіў, што ўведзены «рэжым павышанай тэрарыстычнай небяспекі», другі раз, – што ўведзены «рэжым контртэрарыстычнай аперацыі».

Даведка
Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прэзідэнтам Таджыкістану. Душанбэ, 11 кастрычніка 2022 года.
Фота: Didor Sadulloev / Reuters / Forum

Рэзананс сёння выклікала заява міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, які ў інтэрв’ю «Известиям» сказаў, што з Беларусі ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Афіцыйна пра гэта ніхто раней не заяўляў.

У Аляксандра Лукашэнкі, які цяпер у Казахстане на саміце СНД, журналісты двойчы спыталі, што насамрэч адбываецца. Тэлеканалу «Россия» ён сказаў: «У сувязі з абвастрэннем уведзены рэжым такі павышанай тэрарыстычнай небяспекі. Таму мы пачалі працэдуры для разгортвання саюзнай групоўкі войск, аснову якой складае армія Беларусі, да якой дадаюцца часткі Расейскай Федэрацыі. Усё паводле плану».

Лукашэнка растлумачыў, што захады прынятыя «ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі на перыметры нашых межаў».

Крыху пазней расейскаму «Первому каналу» ён заявіў, што ў Беларусі ўведзены «рэжым контртэрарыстычнай аперацыі» і вінаваты ў гэтым Захад, а дакладней – Польшча.

«Калі на Захадзе асобныя краіны хочуць, каб не было эскалацыі, яе і не будзе – мы не дамагаемся эскалацыі, мы проста абараняемся. Ужо нядаўна апублікавалі і сацыялагічнае апытанне: ці вы за ядравую зброю ці не? Кажуць, што 54 % за тое, каб была ядравая зброя ў Польшчы, каб амерыканцы прывезлі. Я не думаю, што там большасць палякаў прытрымліваюцца гэтага гледзішча, але гэта ўжо кіраўніцтва нагнятае сітуацыю, ужо быццам і народ просіць польскі. Натуральна, нас гэта насцярожвае. Таму мы ўвялі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі і пачалі разгортваць рэгіянальную групоўку Беларусі і Расеі на заходнім кірунку», – сказаў Лукашэнка.

Раней неназваная крыніца ў КДБ заявіла, што «на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь контртэрарыстычная аперацыя не праводзілася і цяпер не праводзіцца».

Кіраўнік ByPol, прадстаўнік кабінету Святланы Ціханоўскай у аднаўленні правапарадку Аляксандр Азараў лічыць, што дзеянні ўладаў накіраваныя супраць плану «Перамога».

Аналітыка
Што такое рэжым КТА і чым гэта пагражае беларусам
2022.10.14 14:04

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў