Сімвалы, якія не да душы. Беларусь адзначыла Дзень дзяржаўнага герба, сцяга і гімна


Беларусь адзначыла Дзень дзяржаўнага герба, сцяга і гімна. Менавіта так ад 2023 года называецца гэтае свята, якому сёлета споўнілася 25 год. Раней яно йменавалася «Днём дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь – другая нядзеля траўня». Але 12 красавіка Лукашэнка падпісаў Указ № 105, якім карэктуецца Указ ад 26 сакавіка 1998 года «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь». Назва зменена, што, як паведамляецца на сайце кіраўніка дзяржавы, дазволіць аддаць даніну павагі ўсім тром дзяржаўным сімвалам Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Нават на дзіцячым прававым партале згадваецца гісторыя стварэння, падкрэсліваецца, што «сцяг, герб і гімн Рэспублікі Беларусь з дапамогаю простых і зразумелых сродкаў адлюстроўваюць патрыятычныя, гістарычныя і культурныя традыцыі краіны, характар народу, ягоны духоўны патэнцыял. Яны надзеленыя яркімі рысамі і лёгка пазнавальныя сярод усіх дзяржаўных сімвалаў сусветнай супольнасці.

Свята адзначаецца кожную другую нядзелю траўня і летась выпаўшы на 8-е чысло, літаральна зацьміла масавасцю ўласных мерапрыемстваў Дзень перамогі. Менавіта тады, выступаючы перад грамадскасцю, Лукашэнка адзначаў арыгінальнасць, ледзь не аўтэнтычнасць, па сутнасці, усё яшчэ савецкіх чырвона-зялёнага сцяга, герба з калоссямі і музыкі гімна, у якім не шмат змянілі словаў, а мелодыя засталася поўнасцю БССРаўская.

Нягледзячы на тое, што ў гісторыі незалежнай Беларусі быў і бел-чырвона-белы сцяг, пад якім, уласна, Лукашэнка і прымаў першую прысягу, як прэзідэнт, на гэта забыліся. Сцяг ганьбяць, па ім топчуцца міліцыянты. Выступаючы на ўрачыстым шанаванні дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь кіраўнік дзяржавы падкрэсліваў:

«Мы перажылі 2020 год, убачылі розныя колеры і знамёны ў гэты перыяд. З аднаго боку – гэта дрэнна, а з іншага – добра, што ўбачылі гэтыя знамёны і хто за імі стаіць».

Далей Лукашэнка тлумачыў, чаму непрыймальны бел-чырвона-белыя сімвалы і герб «Пагоня».

«Яны павінныя адрозніваць нас з вамі ад іншых. Які быў прапанаваны герб? «Пагоня». Вам ён не нагадвае герб іншай краіны? Мне нагадвае. Нам быў прапанаваны сцяг. Дадай яшчэ адную палоску і мы запазычвалі суседняй краіны сцяг. Дык няўжо ў нас не было сваёй гісторыі? Няўжо мы хацелі падагнаць сваю гісторыю і сваю краіну пад Літву ці Польшчу? І як актуальна гэта сёння гучыць».

Сёлета на вуліцах беларускай сталіцы не было ні Лукашэнкі, які, пасля таго як «заняў месца ля вянка» (паводле аднаго з вядоўцаў урачыстай цырымоніі ўскладання кветак і вянкоў на Плошчы перамогі ўвечары 9 траўня), на публіцы не з’яўляўся ані разу. Ён толькі завочна павіншаваў беларусаў, ужо абышоўшы супрацьстаянне з нацыянальнымі і гістарычнымі ад даўна сімваламі Беларусі.

«У сённяшніх сімвалах увасабляецца памяць пакаленняў, адлюстроўваюцца нацыянальнае самаасэнсаванне і няпросты гістарычны шлях народу, звязваюцца у адзіна мінулае, цяперашняе, і будучае беларускай дзяржавы. Нашыя сапраўды народныя сцяг герб і гімн зразумелыя і справядлівыя, захоўваюць у сабе жыццёвую мудрасць, замацоўваюць духоўныя сілы, натхняюць на новыя здзяйсненні»

Палітолаг і гісторык Валер Карбалевіч лічыць, што пры Лукашэнку пра нашую нацыянальную сімволіку трэба забыцца:

«Улады, прынцыпова и паслядоўна зачышчаюць беларускую палітычную прастору ад бел-чырвона-белай сімволікі. Акурат 14 траўня 1995 года, роўна 28 гадоў таму, па ініцыятыве Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум, на які выносіліся чатыры пытанні. У тым ліку і аб усталяванні новых сцяга і герба. Паводле афіцыйных дадзеных, за прыняцце новых дзяржаўных герба і сцяга прагаласавала 75,1% з тых, хто прыняў удзел у галасаванні. Супраць было 20,5%».

Ганебнасць грубага і гвалтоўнага змянення сімвалаў Беларусі згадваецца адразу: ужо праз дзень пасля рэферэндуму былы намеснік загадчыка сельгасаддзелу Магілёўскага абкама КПБ, а тады кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў зняў з даху Дому ўраду бел-чырвона-белы сцяг, разарваўшы яго на сувенірны. На кавалках самазадаволены Ціцянкоў распісваўся асабіста.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

Зараз міліцыянты ганарацца тым, што топчуцца па нацыянальным гістарычным сцягу Беларусі і пераследуюць тых, хто хоць нейкім чынам імкнецца праяўляць сваю самасвядомасць.

«Гэта наўпроставы загад зверху», – лічыць Валер Карбалевіч. – Вайна сцягоў – гэта яшчэ адзін цікавы феномен беларускай рэвалюцыі».

Ужо сёння прапагандысты замясцілі Лукашэнку ў ягонай ганьбе нацыянальных сімвалаў. Генеральны дырэктар агенцтва «Менск-навіны» Андрэй Крывашэеў адзначыў:

«Мы нашым сцягам цэлы кірунак у геральдыцы адкрылі, калі ўключылі ў яго нацыянальны арнамент, асобным з якіх ад 6 да 10 тысяч год». Прэзідэнт правільна сказаў: мы не можам браць на сцяг магнацкія, шляхецкія сімвалы, таму што менавіта магнаты прадалі, практычна знішчылі веру праваслаўную, беларускую мову…».

Калі дадаць да трох сімвалаў яшчэ і мову – быў бы поўны камплект і свята адзначалася б сапраўды ўрачыста. Але, калі з адстойваннем сваіх сімвалаў улады яшчэ даюць рады, то пытанне мовы вельмі і вельмі тонкае і далікатнае. Дзяржаўныя мовы дзве, але Беларусь павінна мець прыярытэт нацыянальнай. Заходзіць у гэтую прастору ўлады баяцца. Бо ўсе краіны навокал – Літва, Латвія, Польшча, Украіна – размаўляюць на мове продкаў, альбо, як кажуць, на матчынай мове. Беларусь адзіная, хто прытрымліваецца расейскіх стандартаў пры цяперашнім кіраўніку дзяржавы.

На ўрачыстай цырымоніі шанавання дзяржаўных сімвалаў сёння панаваў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, які агаласіў зварот Лукашэнкі з нагоды свята. Выказваліся начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Менгарвыканкаму Вольга Чамаданава, уласна, старшыня Менгарвыканкаму Уладзімір Сухараў і міністр унутраных справаў Іван Кубракоў. Не было галоўнага персанажа – Лукашэнкі. Калі будзе? Пытанне не раскрывалася.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

 

Стужка навінаў