Чаму краіны Захаду абнаўляюць рэкамендацыі наконт Беларусі? Тлумачым, што адбываецца


У панядзелак, 13 лютага, стала вядома, што адразу тры заходнія краіны – Францыя, Нямеччына і Канада – абнавілі рэкамендацыі для сваіх грамадзянаў наконт знаходжання ў Беларусі. Аналагічныя рэкамендацыі замежныя дзяржавы публікавалі напярэдадні і ў першыя тыдні расейскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Аднак цяпер сітуацыя выглядае не настолькі пагрозліва.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сітуацыя на памежным пераходзе «Баброўнікі» падчас яго закрыцця. Баброўнікі, Польшча. 10 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У рэкамендацыях МЗС Францыі 13 лютага адзначаецца, што ва ўмовах агрэсіі Расеі супраць Украіны і спынення авіязлучэння паміж Беларуссю і краінамі ЕЗ «любыя паездкі ў Беларусь застаюцца немэтазгоднымі». Да таго ж пасля закрыцця памежнага пераходу «Баброўнікі-Бераставіца» адзіным пунктам пропуску на мяжы з Польшчай, даступным для падарожнікаў, застаўся пераход «Берасце-Тэрэспаль».

«Французам, якія знаходзяцца ў Беларусі, прапаноўваецца неадкладна пакінуць краіну аўтамабільным транспартам, праз памежныя пераходы з Літвой, Польшчай або Латвіяй», – гаворыцца ў паведамленні.

Пра закрыццё памежнага пункту «Баброўнікі» згадваецца і ў абноўленых рэкамендацыях МЗС Нямеччыны. «Нельга выключаць далейшае кароткатэрміновае закрыццё. Магчымы дадатковыя меры кантролю на памежных пераходах з Літвой, Польшчай і Латвіяй», – падкрэсліваюць у Берліне. Таму МЗС Нямеччыны засцерагае ад паездак у Беларусь.

Канада абнавіла свае рэкамендацыі яшчэ 10 лютага – то бок адразу як стала вядома пра закрыццё «Баброўнікаў» (медыі заўважылі гэта толькі ў панядзелак). Улады Канады заклікаюць сваіх грамадзян устрымацца ад паездак у Беларусь з-за рызыкі «адвольнага выкарыстання мясцовых законаў» і вайны. Канадцам, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, параілі пакінуць яе ў бліжэйшы час, а пакуль прыняць усе меры засцярогі.

Паралельна 13 лютага ЗША рэкамендавалі сваім грамадзянам пакінуць Расею з-за «непрадказальных наступстваў несправакаванага поўнамаштабнага ўварвання расейскіх узброеных сіл ва Украіну». Што тычацца Беларусі, то Дзярждэпартамент не абнаўляў свае рэкамендацыі з 4 кастрычніка 2022 году: там дагэтуль значыцца заклік не ездзіць у Беларусь і неадкладна выехаць тым, хто цяпер знаходзіцца ў краіне.

Без прынцыповых зменаў

Цяперашнія рэкамендацыі заходніх краінаў могуць выклікаць паралелі з сітуацыяй, якая склалася напярэдадні і ў першыя тыдні расейскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Сапраўды, ЗША заклікалі сваіх грамадзянаў устрымацца ад паездак або пакінуць Беларусь за 9 дзён да пачатку вайны і паўтарылі гэты заклік неўзабаве пасля пачатку баявых дзеянняў. Вялікая Брытанія і Нарвегія таксама ў лютым 2022 года заклікалі сваіх грамадзянаў не наведваць Беларусь, а ўлады Італіі ў першыя дні вайны прапанавалі ўстрымацца прынамсі ад неістотных паездак. Нямеччына публікавала рэкамендацыі, аналагічныя цяперашнім, у пачатку сакавіка 2022 году, а Францыя – ў пачатку красавіка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарга з фураў перад памежным пераходам «Баброўнікі» на польска-беларускай мяжы. Такі ажыятаж назіраецца ў сувязі з закрыццём пераходу ў Кузніцы. Гміна Баброўнікі, Польшча. 10 лістапада 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Розніца заключаецца ў тым, што тады такія парады былі новаўвядзеннем, прынятым з улікам вайны, якая толькі пачыналася, а цяпер дэ-факта проста пацвярджаюць папярэднія высновы. У абноўленых рэкамендацыях няма новых ацэнак пагрозаў знаходжання ў Беларусі, там не заяўляецца пра дадатковае пагаршэнне сітуацыі з бяспекай у краіне. Адзіны новы фактар, які згадваецца – закрыццё «Баброўнікаў». У інфармацыі МЗС Нямеччыны, напрыклад, закліку пакінуць краіну наогул няма – толькі тыя засцярогі да візітаў у Беларусі, што былі і раней.

Сітуацыя на мяжы можа пагоршыцца

Аднак гэта не значыць, што адбылося аўтаматычнае абнаўленне рэкамендацыяў у адказ на прыпыненне працы аднаго з пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы. Напрыклад, закрыццё Польшчай памежнага пераходу «Кузніца-Брузгі» восенню 2021 года не выклікала такой рэакцыі краінаў Захаду.

Таму варта звярнуць увагу на дзве акалічнасці. У інфармацыі МЗС Нямеччыны адзначаецца, што можа адбыцца закрыццё іншых памежных пунктаў і ўвядзенне дадатковых захадаў кантролю на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй. Калі заходнія краіны лічаць, што неўзабаве сітуацыя на мяжы пагоршыцца, то абнаўленне рэкамендацыяў для сваіх грамадзянаў выглядае цалкам заканамерным крокам. Нагадаем, што на мінулым тыдні прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі на прэс-канферэнцыі падчас пазачарговага саміту ЕЗ у Бруселі заявіў, што Варшава не выключае закрыцця іншых пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю праз рост напружанасці ў адносінах з афіцыйным Менскам.

Аднак нельга выключаць, што абмежаванні з’явяцца з боку Беларусі. Цікава, што ў паралельнай заяве амбасады Злучаных Штатаў у Маскве сярод іншага гаворыцца пра пагрозу мабілізацыі асобаў з падвойным грамадзянствам ЗША і РФ або прынамсі абмежавання іх выезду з краіны. Раней улады Украіны папярэджвалі, што падчас новая хвалі расейскай мабілізацыі могуць быць закрытыя межы на выезд адначасова і ў РФ, і ў Беларусі.

Пагроза ваеннай эскалацыі не знятая, але пакуль малаімаверная

Закрыццё «Баброўнікаў» і пагроза ўвядзення дадатковых абмежаванняў на мяжы цяпер выглядае значна больш абгрунтаванай прычынай для цяперашняга абнаўлення рэкамендацыяў заходніх МЗС, чым, напрыклад, пагроза ўступлення Беларусі ў вайну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Facebook

Прыкметаў фармавання наступальнай групоўкі на тэрыторыі Беларусі дагэтуль няма, а колькасць расейскай групоўкі застаецца недастатковай для наступу – усяго каля 9 тысяч жаўнераў, паводле ацэнак украінскага боку. «Фактычна сухапутныя аперацыі малаімаверныя», – падкрэсліў 11 лютага камандуючы Аб’яднанымі сіламі ЗСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў.

Разам з тым, выключаць з’яўленне беларускага фронту нельга. Як раз 13 лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ, што «ціхенька недзе адсядзецца» падчас вайны Украіны і Расеі не атрымаецца. «Прыйдзе час (яно недалёка, літаральна заўтра) – ён запатрабуе вызначацца, займаць пэўную пазіцыю», – падкрэсліў ён. Аднак пакуль няма падставаў казаць пра тое, што эскалацыя на беларускім кірунку сапраўды адбудзецца ў найбліжэйшы час. Напрыклад, аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны лічаць, што найбольш зручным перыядам для ўдару з боку Беларусі будзе восень-зіма 2023 году.

Аналітыка
Прывід другога фронту. Ці захоўваецца пагроза ўступлення Беларусі ў вайну?
2023.02.10 17:18

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў