Гісторыя з віцебскімі жанчынамі, якіх у студзені затрымалі ў лесе з палкамі для скандынаўскай хады, нечакана атрымала працяг. Яны падалі ў суд на міліцыю за сваё затрыманне і ўтрыманне ў ІЧУ, паведамляе «Радыё Рацыя».
Жанчын затрымалі ў лесе пад Віцебскам 13 студзеня падчас практыкаванняў у скандынаўскай хадзе. 8 гадзін іх трымалі ў пастарунку без ежы і магчымасці прыняць лекі – нягледзячы на тое, што чатыры затрыманыя ўжо ў сталым веку. Яшчэ ноч яны правялі ў ІЧУ. Суд не знайшоў доказаў правапарушэння.
Тады жанчыны падалі ў суд Першамайскага раёну заявы на «незаконныя дзеянні міліцыянтаў».
«[Падалі ў суд] за наша затрыманне, умовы ўтрымання, накіраванне ў ІЧУ. Мы патрабавалі прызнаць гэта незаконным. Толькі прызнаць! Мы не патрабавалі ніякіх маральных ці матэрыяльных кампенсацый. Хаця Тамара Ільіна, прыкладам, на 10 дзён трапіла ў лякарню», – распавяла Таццяна Севярынец, адна з затрыманых.
Сілавікоў прадстаўляў начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Першамайскага РАУС падпалкоўнік Іван Доўгі. Прэтэнзіі жанчын ён выслухаў моўчкі, не задаў ніводнага пытання. Уласную пазіцыю патлумачыў коратка: заканадаўства дазваляе затрымаць падазраваных на 72, таму ўсё зрабілі слушна.
Суддзя Жана Васільева пагадзілася з міліцыянтам і адхіліла ўсе 6 скаргаў. Да таго ж, жанчыны цяпер маюць аплаціць судовыя выдаткі – па 4 рублі 85 капеек з кожнай.
ЯП belsat.eu