Спецыялісты ўжо прыступілі да будоўлі новага мосту на праспекце Пераможцаў над вуліцаю Нямігаю. Пра гэта паведаміў агенцтву «Минск-Новости» дырэктар «Гардарбуду» Сяргей Панёў.
«Цяпер забіваюцца палі пад новыя апоры», – сказаў ён.
Паводле Панёва, праектаванне і будаўніцтва ідуць паралельна. Мостабудаўнікам даручана ўзвесці новы аб’ект за самыя кароткія тэрміны. Працы на пляцоўцы вядуцца няспынна.
Нагадаем, што ў калядную ноч на 8 студзеня ў самым цэнтры Менску абрынулася пешаходная частка мосту цераз вуліцу Нямігу, які злучае адныя з галоўных транспартавых артэрыяў беларускай сталіцы – праспекты Незалежнасці і Пераможцаў.
У гэтым раёне заўжды шмат людзей і транспарту, але, на шчасце, мост абваліўся якраз тады, калі не было амаль нікога: ніхто не пацярпеў. Але цяпер усе плыні аўтамабіляў, аўтобусаў і тралейбусаў перанакіраваныя на іншыя вуліцы, што выклікае вялікія заторы на шляху менчукоў да працы і дамоў. Нават некаторыя пераходы метро былі закрытыя пасля абвалу.
МГ belsat.eu